Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на кастрычнік 2025 году.

1 кастрычніка

Міжнародны дзень музыкі.

85 гадоў таму (1940) – У савецкім канцлагеры (Комі АССР) загінуў Сямён Жыткевіч (нар. у 1893 г. у в. Вялікая Кракотка, Слонімскі р-н), беларускі грамадска-культурны дзеяч, актывіст Грамады і ТБШ.

2 кастрычніка

Міжнародны дзень лекара.

105 гадоў таму (1920) – У Гародні выйшаў першы нумар газеты “Беларуская справа” – орган Цэнтральнага беларускага нацыянальнага камітэту (выдавалася да 7 студзеня 1921 г.).

105 гадоў таму (1920) – У в. Залозкі (Наваградскі р-н) нарадзіўся Андрэй Вайтовіч, беларускі дзеяч вызвольнага руху, сябра БНП, вязень ГУЛАГу.

95 гадоў таму (1930) – У Гародні выйшаў першы нумар часопісу “Беларуская думка” (рэдактары А. Лукашык, Л. Лукашык, выходзіў да 1932).

10 гадоў таму (2015) – У Мастаўлянах (Беласточчына) адкрыты помнік Кастусю Каліноўскаму (аўтар помніка Януш Талуць).

3 кастрычніка

130 гадоў таму (1895) – У Гародні адкрылася прыватная кнігарня Я. Любіча.

4 кастрычніка

5 гадоў таму (2020) – У ЗША памёр Барыс Клейн, беларускі гісторык, дысідэнт. Жыў і працаваў у Гародні з 1960-ых па 1992 г.

6 кастрычніка

280 гадоў таму (1745) – У Варшаве нарадзіўся Францішак Смуглевіч, жывапісец, графік, педагог, які працаваў на Гарадзеншчыне.

135 гадоў таму (1890) – У Гародні нарадзіўся Лейб Найдус, габрэйскі паэт, перакладнік.

7 кастрычніка

260 гадоў таму (1765) – У Гузаве (непадалёк Варшавы) нарадзіўся Міхал Клеафас Агінскі, магнат, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, удзельнік паўстаньня 1794 г. Жыў у Залесьсі (Смургонскі р-н).

8 кастрычніка

155 гадоў таму (1870) – У г. Арол (Расея) нарадзіўся Аляксандар Булатовіч (паходзіў з Гарадзеншчыны), падарожнік, дасьледнік Усходняй Афрыкі, дыплямат, праваслаўны іераманах.

11 кастрычніка

265 гадоў таму (1760) – У Слоніме памёр Міхал Антон Сапега, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, перакладнік, літаратар.

12 кастрычніка

5 гадоў таму (2020) – У Гародні памёр Юрка Голуб, беларускі паэт, тэлежурналіст. Пахаваны ў в. Горна (Зэльвенскі р-н).

13 кастрычніка

55 гадоў таму (1970) – У в. Агароднікі (Лідзкі р-н) нарадзіўся Вітольд Ашурак, беларускі грамадзка-палітычны актывіст, мастак, палітвязень.

14 кастрычніка

300 гадоў таму (1725) – Нарадзіўся (у Берасьцейскім ваяв.) Францішак Ярманскі (Юрманскі), каталіцкі рэлігійны дзеяч, педагог. Быў рэктарам Шчучынскага піярскага калегіюму.

100 гадоў таму (1925) – У Гародні нарадзіўся Антон Маркевіч, беларускі грамадска-культурны дзеяч у эміграцыі (Канада).

15 гадоў таму (2010) – У Гародні ля Сьвята-Пакроўскага сабора да сьвята Пакроваў і 110-ых угодкаў Гарадзенскай праваслаўнай епархіі ўрачыста адкрытая скульптурная кампазіцыя “Пакровы Прасьвятой Багародзіцы” (скульптар Уладзімір Панцялееў).

16 кастрычніка

125 гадоў таму (1900) – У в. Кністушкі (Астравецкі р-н) нарадзіўся Уладас Куцка, літоўскі майстар разьбы па дрэве. Памёр у 1994 г.

70 гадоў таму (1955) – У Ашмяне адчынены краязнаўчы музей імя Францішка Багушэвіча.

18 кастрычніка

65 гадоў таму (1960) – У Марыупалі (Украіна) памёр Іван Бялькевіч, беларускі мовазнавец, педагог, аўтар слоўнікаў. Нараджэнец в. Варонічы (Слонімскі р-н).

21 кастрычніка

125 гадоў таму (1900) – У Гародні нарадзіўся Фелікс Купцэвіч, беларускі пісьменьнік, крытык.

90 гадоў таму (1935) – У Зэльве нарадзіўся Юрка Геніюш, беларускі пісьменьнік і публіцыст.

22 кастрычніка

15 гадоў таму (2010) – У Менску ў шпіталі памёр Павал Лойка, беларускі гісторык. Нараджэнец Слоніма.

24 кастрычніка

230 гадоў таму (1795) – Адбыўся ІІІ падзел Рэчы Паспалітай.

25 кастрычніка

100 гадоў таму (1925) – У в. Баяры (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Леў Мірачыцкі, беларускі гісторык-славіст, літаратар.

27 кастрычніка

595 гадоў таму (1430) – Памёр Вялікі князь Вітаўт (нар. у 1350 г.). Яго рэзідэнцыя была ў Гародні.

135 гадоў таму (1890) – У в. Шутавічы (Смургонскі р-н) нарадзіўся Віктар Шутовіч, беларускі культурны дзеяч, каталіцкі сьвятар, вязень савецкіх канцлагераў.

28 кастрычніка

180 гадоў таму (1845) – У Гародні нарадзіўся Зыгмунт Урублеўскі, навуковец-фізік, удзельнік паўстаньня 1863-64 гг.

30 кастрычніка

135 гадоў таму (1890) – У мяст. Астрына (ці на хутары Масяўня пад Астрыной, Шчучынскі р-н) нарадзіўся Міхал Урбановіч, беларускі культурны дзеяч, педагог, каталіцкі сьвятар у замежжы (з 1924 г. у ЗША).

31 кастрычніка

Міжнародныя дні гарадоў, эканоміі і Чорнага мора.