
85 гадоў таму (1940) – У савецкім канцлагеры (Комі АССР) загінуў Сямён Жыткевіч (нар. у 1893 г. у в. Вялікая Кракотка, Слонімскі р-н), беларускі грамадска-культурны дзеяч, актывіст Грамады і ТБШ.
Сямён Жыткевіч нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Вялікая Кракотка (Слонімскі раён). Паходзіў зсялянскай сям’і. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1914 год) і настаўнічаў на Дзятлаўшчыне. У 1915 годзе прызваны ў войска. Скончыў Аляксандраўскую ваенную вучэльню ў Маскве (1916) і адпраўлены на фронт. У 1918 годзе выехаў да бацькоў-бежанцаў у Омскую
губерню. Тут мабілізаваны ў войска Калчака. Неўзабаве трапіў у палон да чырвоных. Служыў у Чырвонай Арміі (1919-20), у баях з войскамі Врангеля паранены.
У 1921 годзе сям’я вярнулася на радзіму. Працаваў у Вялікай Кракотцы настаўнікам, займаўся гаспадаркаю. Арганізоўваў на вёсцы культурна-масавую работу (беларускія спектаклі, літаратурныя вечарыны, хор). У 1925-26 гадах вучыўся ў Кракаве на настаўніцкіх курсах. Прызначаны настаўнікам у Познань, не паехаў.
Дома, на радзіме, уключыўся ў рух Грамады, ТБШ. У 1926 годзе працаваў у Вільні ў Галоўнай
управе ТБШ. У 1927-29 — старшыня Слонімскай акруговай управы ТБШ. Праводзіў шырокую культурна-нацыянальную работу з моладдзю, у 1927 годзе адкрыў у Вялікай Кракотцы беларускую бібліятэку. У 1929 годзе — сакратар клуба “Змаганне” па Слонімскім павеце. Зняволены ўладамі Польшчы ў турме за нацыянальную дзейнасць (1930-31). Затым працягваў культурна-асветную работу на вёсцы. З верасня 1939 настаўнічаў у школе ў Вялікай Кракотцы.
У кастрычніку 1939 года рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (сям’я выслана ў Казахстан).
Загінуў у савецкім канцлагеры ў Комі АССР.
