Паветраная прастора Літвы над часткай тэрыторыі, што прымыкае да мяжы з Беларуссю, застаецца закрытай як мінімум да 1 снежня. Пра гэта паведамілі ў літоўскай арміі, піша BNS.

Абмежаванне было ўведзена 21 жніўня і пачаткова планавалася, што яно будзе дзеіць толькі да кастрычніка. Прычына — пагроза бяспецы, у тым ліку рызыкі для цывільнай авіяцыі, звязаныя з парушэннямі паветранай прасторы беспілотнікамі.

Міністарка абароны Літвы Давіле Шакалене адзначыла, што закрыццё будзе дзеіць, пакуль не набудзе моц новы заканадаўчы парадак, які дазволіць галоўнакамандуючаму аператыўна закрываць патрэбныя зоны паветранай прасторы. Цяпер працягваецца праца над практычнай рэалізацыяй: ствараюцца неабходныя тэхнічныя рашэнні, алгарытмы і сістэмы.

На мінулым тыдні Сейм Літвы прыняў папраўкі, якія дазваляюць войску хутчэй і прасцей нейтралізаваць беспілотнікі, што нясуць пагрозу, а таксама пры патрэбе звяртацца да авіяцыйных службаў з патрабаваннем неадкладна абмежаваць палёты ў асобных зонах.

Гэтыя змяненні звязаныя з інцыдэнтамі летам, калі ў паветраную прастору Літвы ўварваліся два расейскія беспілотнікі тыпу Gerbera, на адным з якіх была выбухоўка.