
Аперацыю на скуры палітвязню Анджэю Пачобуту рабілі ў турэмным шпіталі, паведаміла старшыня неафіцыйнага Саюза палякаў Анжаліка Борыс у інтэрв’ю выданню Newsweek, цытуе яго @pozirkonline.
«Ён пакутуе на гіпертанію і арытмію. Апошнім часам у яго часта бывае падвышаны ціск. У верасні ў турэмным шпіталі ён перанёс аперацыю — выразалі язвы, што ўтварыліся на скуры», — распавяла Борыс.
«Ён распавёў мне, што нават набраў вагу за тыдзень, праведзены ў турэмным шпіталі. <…> Я спытала Анджэя, ці трэба яму што-небудзь, адправіць яму лекі. Ён адказаў, што не, ён атрымлівае лекі».
Адказваючы на пытанне, чаму жонцы Пачобута ўлады не дазваляюць бачыцца з ім, а Анжаліка Борыс 23 верасня ўжо другі раз наведала палітвязня ў калоніі, кіраўніца СПБ сказала: «Не ведаю. Магчыма, гэта таму, што за мной стаіць арганізацыя з тысяч чалавек».
