З 4 верасня 2025 года ў Польшчы ўступілі ў сілу змяненні ў Закон ад 12 сакавіка 2022 года «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы». Паводле новага артыкула 100da, тэрміны разгляду справаў аб міжнароднай абароне (падачы на статус уцекача або прытулку) прыпыняюцца да 4 сакавіка 2026 года.

Гэта азначае, што ўсе заявы, якія цяпер знаходзяцца на разглядзе ва Управе па справах іншаземцаў (UDSC), будуць «замарожаныя» – адлік часу на іх разгляд спыняецца да пачатку сакавіка 2026 года, паведамляе Partyzanka.

Калі ж заяўнік падае новую заяву пасля 4 верасня 2025 года, адлік тэрмінаў пачнецца толькі пасля гэтай даты – праз паўгода.

Акрамя таго, да 4 сакавіка 2026 года не прымяняюцца нормы, якія дазвалялі падаваць скаргі на зацягванне працэсу або бездзейнасць органа. Таксама Управа не абавязана паведамляць заяўніку, што яго справа не разгледжаная ў вызначаны законам тэрмін.

Што гэта значыць для тых, хто чакае рашэння:

  • працэс па вашай справе не спынены, але рашэнне па справе можа быць адкладзена, г.зн. адлік тэрмінаў на разгляд справы часова «замарожаны»;
  • вы захоўваеце законны статус і ўсе правы, звязаныя з падачай заявы;
  • скаргі на затрымку разгляду да 4 сакавіка 2026 года не будуць мець юрыдычнай сілы.

Пасля гэтай даты Управа па справах іншаземцаў аднавіць разгляд спраў і працягне адлік тэрмінаў, якія былі «замарожаныя».

Белсат