фота ілюстрацыйнае

Лукашэнкаўскія следчыя прыдумалі, як працягнуць тэрміны даўніны па артыкулах за пратэсты 2020 года. Тых, на каго пачатыя крымінальныя справы, яны абвяшчаюць у вышук.

У такіх выпадках тэрмін даўнасці “ставіцца на паўзу”. Яго адлік аднаўляецца ў дзень затрымання падазраванага. Ці ў дзень яўкі з пакаяннем.

Тэрмін даўнасці па “народным” 342-м артыкуле Крымінальнага кодэкса — за ўдзел у пратэстах — складае пяць гадоў, бо гэты артыкул адносіцца да менш цяжкіх і сярэдняй цяжкасці злачынстваў. У 2025 годзе паступова заканчваюцца тэрміны даўнасці для прыцягнення да адказнасці за вулічныя акцыі 2020 года.

Улады Беларусі працягваюць кідаць за краты іх удзельнікаў, нягледзячы на тое, што пратэсты былі мірнымі. А цяпер прыдумалі і спосаб, каб працягнуць гэтае “паляванне” на сваіх супраціўнікаў.