Каротка 

  • Захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека: працягваецца пераслед за ўдзел у пратэстах 2020 года і за іншадумства; назіраюцца сістэмныя рэпрэсіі супраць актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў;
  • дзявяты выпадак смерці палітвязняў у няволі: ад удушша памёр Андрэй Паднябенны;
  • памілаваныя 40 палітвязняў дзякуючы намаганням ЗША; усе яны гвалтоўна дэпартаваныя ў Літву, за выключэннем Мікалая Статкевіча, ягонае месцазнаходжанне невядомае;
  • агулам з 2020 года мінімум 8 905 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах і ў дачыненні да мінімум 7 565 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды, уключаючы завочныя;
  • у верасні 2025 года “Вясна” зафіксавала 96 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманняў, ператрусаў і г. д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу;
  • колькасць палітвязняў застаецца вельмі высокай: за месяц палітвязнямі прызнаныя 77 чалавек; разам агульная колькасць – 1197 палітвязняў, з якіх 188 жанчыны; мінімум 180 палітвязняў – у асабліва ўразлівым становішчы;
  • на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам улады працягваюць сістэматычна прыгнятаць незалежныя меркаванні і грамадзянскія ініцыятывы, выкарыстоўваючы маркіроўку і ізаляцыю непажаданых;
  • працягваецца сістэмная практыка катаванняў і жорсткага абыходжання ў месцах няволі, мінімум пяць палітвязняў працяглы час знаходзяцца ў рэжыме інкамунікада;
  • па меры заканчэння тэрмінаў даўніны па справах аб пратэстах 2020 года ўлады часцей (пера)кваліфікуюць іх у “масавыя беспарадкі”, што прадугледжвае больш строгую санкцыю і вялікія тэрміны даўніны;
  • у зняволенні застаюцца праваабаронцы “Вясны” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка.

Палітычна матываваны пераслед і палітвязні

У папраўчай калоніі № 15 у Магілёве 3 верасня ад удушша памёр палітвязень Андрэй Паднябенны.

Агулам, з 2020 года вядома пра дзевяць смерцяў палітвязняў у няволі, а таксама пра тры смерці неўзабаве пасля вызвалення – гэта следства негуманных умоў утрымання і адсутнасць якаснай і своечасовай медыцынскай дапамогі ў няволі.

11 верасня стала вядома аб памілаванні 52 чалавек, сярод якіх 40 палітвязняў – дзякуючы дыпламатычным намаганням ЗША. З месцаў няволі іх вывезлі на памежны пераход – для выезду ў Літву, некаторым не выдалі пашпарты. Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць Беларусь, вярнуўся ў краіну з нейтральнай тэрыторыі паміж межамі і пазней быў затрыманы беларускімі ўладамі – на дадзены момант няма афіцыйных пацверджанняў аб яго дакладным месцазнаходжанні. Група незалежных экспертаў ААН рашуча асудзіла спробу дэпартацыі з Беларусі і наступнае знікненне Мікалая Статкевіча. У сваёй заяве эксперты заклікалі ўлады Беларусі даць інфармацыю пра яго лёс і месцазнаходжанне, а таксама пра стан яго здароўя.

16 верасня стала вядома аб памілаванні яшчэ 25 чалавек, сярод якіх, магчыма, ёсць палітвязні.

Аднак няма падстаў казаць аб сістэмным паляпшэнні сітуацыі: па наяўных звестках, за дзевяць месяцаў 2025 года па крымінальных абвінавачваннях былі пазбаўленыя волі як мінімум 283 чалавек.

Усяго з 2020 года мінімум 8 905 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах і ў дачыненні да мінімум 7 565 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды, уключаючы завочныя. Гэтыя паказчыкі растуць кожны месяц.

Нягледзячы на рэгулярны працэс вызвалення палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну, змены меры стрымання і ў парадку памілавання, іх колькасць у Беларусі па-ранейшаму крытычна высокая.

У верасні праваабаронцы прызналі 77 чалавек палітвязнямі – значна больш у параўнанні з папярэднімі месяцамі. Агульная колькасць палітвязняў на канец месяца склала 1197 чалавек, з іх 188 – жанчыны. Таксама праваабаронцы запатрабавалі рэабілітацыі 19 чалавек. Колькасць былых палітвязняў склала 2981 чалавек, з іх 612 – жанчыны.

Мінімум 180 палітвязняў знаходзіцца ў асабліва ўразлівым становішчы праз стан здароўя, прыналежнасці да ўразлівай групы ці іншых асаблівасцях пераследу.

Працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у верасні 2025 года “Вясна” зафіксавала 96 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманняў, ператрусаў і г. д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу.

У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум пяць палітвязняў: Марыя КалеснікаваМаксім ЗнакВіктар БабарыкаУладзімір КнігаАляксандр Арановіч.

Страта сувязі з палітвязнямі звычайна звязана з утрыманнем іх у штрафным ізалятары або памяшканні камернага тыпу, альбо чаргаваннем гэтых двух мер уздзеяння. Напрыклад, паведамляецца, што Мікалай Статкевіч правёў такім чынам у адзіночнай ізаляцыі 2 гады і 7 месяцаў.

У зняволенні палітвязні працягвалі пакутаваць ад жорсткага абыходжання і негуманных умоў, вынікам якіх часта з’яўляецца сур’ёзнае пагаршэнне здароўя. Так, Мікіта Емяльянаў пазбаўлены медыцынскіх перадач і пачаў губляць зрок. Мікіта Залатароў парэзаў сабе вены – верагодна ў якасці пратэсту супраць умоў утрымання.

У зняволенні застаюцца праваабаронцы “Вясны лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч і Уладзімір ЛабковічМарфа Рабкова. Працягвае ўтрымлівацца ў калоніі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta.

Катаванні і іншыя віды забароненага абыходжання

25 верасня 2025 года ў Нью-Ёрку ў межах 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН прайшло паралельнае мерапрыемства “Час для падсправаздачнасці і правасуддзя: вяршэнства закона ў Беларусі знаходзіцца пад пагрозай”. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў дзяржаў, міжнародных арганізацый, механізмаў ААН і беларускіх дэмакратычных галасоў. Мэта — абмеркаваць, як прасоўваць намаганні па забеспячэнні падсправаздачнасці і аднаўленні вяршэнства закона ў Беларусі.

На мерапрыемстве выступіла і кіраўніца Міжнароднай платформы падсправаздачнасці для Беларусі (IAPB) Андрэа Хубер.

31-гадовага былога сілавіка Генрыха Агеева з Берасцейшчыны затрымалі ў лютым 2024 года ў Крыме. Паводле версіі абвінавачвання, ён нібыта ездзіў па заданні былога супрацоўніка ГУБАЗіК, а цяпер прадстаўніка ініцыятывы BYPOL Аляксандра Азарава. Каля сямі месяцаў яго ўтрымлівалі ў СІЗА ФСБ разам з украінскімі ваеннапалоннымі, дзе яго збівалі ды катавалі. Увесь гэты час пра месцазнаходжанне мужчыны было невядома. У верасні 2024 года Агеева перадалі беларускім спецслужбам, але пра яго праваабаронцам стала вядома толькі цяпер. У Беларусі яго абвінавачваюць паводле некалькіх цяжкіх артыкулаў, у тым ліку — “здрада дзяржаве” і “ўдзел у тэрарыстычнай арганізацыі”. 

Вызвалены з калоніі журналіст Аляксандр Манцэвіч распавёў, што Вячаслаў Арэшка ў калоніі страціў зрок: “Днём ён пытаецца: сёння сонца на небе ёсць? Самае страшнае, што ён ноччу вымушаны навобмацак хадзіць у туалет. Падае, разбіваецца ў кроў”, — паведаміў Манцэвіч. Паводле інфармацыі “Вясны”, у Вячаслава сур’ёзныя праблемы са зрокам, ён амаль нічога не бачыць, але інваліднасць у калоніі яму аформіць не даюць.

Блогер Віталь Бандарук апынуўся сярод памілаваных палітвязняў 11 верасня, якіх гвалтоўна вывезлі з месцаў зняволення ў Літву. Былы палітвязень распавёў “Вясне” пра свае эмоцыі ад нечаканага памілавання, параўнаў умовы ўтрымання ў шклоўскай калоніі № 17 і магілёўскай турме, распавёў пра катаванні і здзекі, пра тое, чаго змог дамагчыся галадоўкай, а таксама пра вымагальніцтва грошай у палітвязняў.

Блогер і анархіст Мікалай Дзядок апынуўся ў турме па крымінальнай справе другі раз за дзесяць гадоў — і другі раз быў вызвалены праз памілаванне. У першым вялікім інтэрв’ю для “Вясны” Мікалай распавёў, як яго этапавалі з краіны, пра жорсткія ўмовы зняволення, катаванні холадам у ШІЗА, спробы маральна зламаць, пра тое, што дапамагала трымацца, і чаму галоўнай умовай пераменаў ён лічыць каштоўнасці саміх людзей.

У верасні 2020 года ў Мінску затрымалі Мікіту Літвіненку і яго траіх сяброў. У аснову іх абвінавачвання ляглі прызнанні, напісаныя супрацоўнікамі нібыта ад імя мужчын. Каб іх падпісалі, затрыманым ламалі пальцы на руках. Праз год Мікіту і яго сяброў асудзілі да пазбаўлення волі. У шклоўскай ПК-17 мінчук правёў восем месяцаў у адзіночнай камеры ПКТ і ШІЗА. За два месяцы да вызвалення яго асудзілі за “непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі” і прызначылі яшчэ адзін год зняволення. Мікіта распавёў “Вясне” пра стаўленне адміністрацыі да палітвязняў ды ўмовы ў ШІЗА ў ПК-17, пра смерць зняволеных праз неаказанне ім медычнай дапамогі, а таксама пра шкодную працу ў калоніях.

Ілля Дубоўскі пасля вызвалення з папраўчай калоніі № 8 паведаміў, што адміністрацыя калоніі прымусіла яго самастойна лязом выдаліць татуіроўку з выявай беларускага нацыянальнага герба «Пагоня», які счытваецца ўладамі як апазіцыйны сімвал. Ілля прадэманстраваў вялікі рубец на левай руцэ.

Падаўленне свабоды выказвання меркаванняў. Парушэнне свабоды мірных сходаў

За выказванне нязгоды з палітыкай дзяржавы працягваюць прыцягваць да адказнасці.

З 2020 года не менш за 3645 абвінавачванняў былі выстаўленыя за ўдзел у мірных сходах (артыкул 342 КК), 1151 – за абразу А. Лукашэнкі (артыкул 368 КК), 796 – за распальванне варожасці (артыкул 130 КК), 1188 – за абразу прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК), 327 – за “паклёп” у дачыненні да А. Лукашэнкі – звычайна гэта абвінавачванні яго ў злачынствах (артыкул 367 КК) і 107 – за абразу суддзі (артыкул 391 КК).

Улады працягваюць пераследаваць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, і выяўляць усіх, хто ўдзельнічаў у мірных пратэстах у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У сувязі са сканчэннем тэрмінаў даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірных пратэстах (артыкул 342 КК), нярэдка перакваліфікоўваюць дзеянні і прад’яўляюць абвінавачванне па артыкуле 293 КК – “удзел у масавых беспарадках”, якое з’яўляецца цяжкім злачынствам і прадугледжвае 10-гадовы тэрмін даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Так, 19 верасня гэтага года ў дачыненні да Дзяніса Дзенісенкі распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках) у рамках спецыяльнай вытворчасці. 12 жніўня 2020 года Дзенісенка Дзяніс быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам 14 сутак. Ці прыцягваюць яго за дзеянні, за якія ён ужо панёс адміністрацыйную адказнасць – невядома.

Прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае пікетаванне –  за выказванне меркавання ў інтэрнэце. Як стала вядома 16 верасня, Аляксей Галіч адбыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў ІЧУ на Акрэсціна за несанкцыянаванае пікетаванне.

За выказванне меркавання працягваюць пераследваць пажылых:

У Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд 64-гадоваму лекару ультрагукавой дыягностыкі з Гродна Сяргею Рамашову. Яго абвінавачвалі ў распальванні варожасці (ч.1 арт. 130 КК) і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-2 КК). Які менавіта тэрмін прызначылі лекару — невядома.

5 верасня затрымалі вядомую грамадскую актывістку Валянціну Навумаву. Супраць яе распачатая крымінальная справа: дакладна вядома, што ў ім фігуруе арт. 367 КК (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), магчыма прад’яўленыя і іншыя абвінавачванні.

Міністэрства інфармацыі дадало 32 кнігі ў спіс забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў (Спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь). Агулам у спісе 173 пазіцыі. Сярод іншых, у спіс дадалі творы папулярнага беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі “Слон” і “Чырвоны Крыж”, кнігу “Дзяўчына з Даніі” Дэвіда Эберсхофа, якая даследуе праблему гендарнай ідэнтычнасці, дзве кнігі Ру Муракамі.

У верасні 2025 года сістэма пераследу іншадумцаў, арганізаваная ўладамі на падставе барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам, працягнула функцыянаваць у сістэматычным, паўсюдным і усёабдымным рэжыме. Гэтая палітыка накіравана на падаўленне незалежных меркаванняў і грамадзянскіх ініцыятыў, з акцэнтам на маркіроўку і ізаляцыю непажаданых асоб.

Пашырэнне спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў

Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўніўся 126 рашэннямі беларускіх судоў-гэта амаль у тры разы больш, чым у жніўні.

У працэс прызнання экстрэмісцкімі матэрыяламі ўцягнутыя “суб’екты якія змагаюцца з экстрэмізмам”, якія з’яўляюцца выканаўчай галіной улады і якія ўпаўнаважаны законам падаваць заявы ў суд, і суды як абласных гарадоў, так і раённых цэнтраў; з найбольшай актыўнасцю за месяц у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці.

Акрамя палітычных і незалежных ініцыятыў, пад цэнзуру ўсё часцей трапляюць персанальныя старонкі ў сацыяльных сетках з мінімальнай колькасцю падпісчыкаў і “лайкаў”. Улады факусуюцца на маркіроўцы звычайных грамадзян, якія не з’яўляюцца інфлюенсерамі. Гэта адлюстроўвае пераход ад прызнання экстрэмісцкімі інфлюенсераў і значных для грамадскай думкі інфармацыйных прадуктаў да маркіроўкі індывідуальнага выказвання меркавання. Гэта з’яўляецца магчымым праз “гумовыя” спісы, дзе прызнанне экстрэмісцкім ажыццяўляецца для фармальнага пашырэння базы пераследу, а таксама вынікаючым наступствам з працягваецца барацьбы з экстрэмізмам.

Усе вялікія, значныя і сапраўды ўплывовыя для грамадства інфармацыйныя прадукты ўжо даўно забароненыя і ўключаны ў пералік (на канец верасня спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў складае больш за 1800 старонак дакумента word) і ў нейкай ступені “скончыліся” для апрацоўкі праваахоўнымі органамі. Аднак, каб барацьба з экстрэмізмам працягвалася, неабходна паказваць вынікі ў выглядзе статыстыкі. Такое становішча спраў даходзіць да абсурду і прызнаюць экстрэмісцкімі шматлікія персанальныя старонкі ў сацыяльных сетках. У спіс уносяцца старонкі ў TikTok, Instagram, Facebook, Аднакласнікі, YouTube, Threads і іншых платформах. Сярод заблакаваных сайтаў у верасні — Tribuna.com і ethno.art.by.

Сярод іншага, публічныя заявы дзяржаўных органаў відавочна ілюструюць такую сітуацыю — “барацьба з экстрэмізмам” пачынаецца з цэнтральных структур і паступае ў выглядзе “задачы” т.зв. “суб’ектам па барацьбе з экстрэмізмам”. Апошнія матываваныя неабходнасцю даваць справаздачу перад вышэйстаячымі інстанцыямі, спаборнічаюць у дасягненні колькасных паказчыкаў, нягледзячы на якасныя аспекты правапрымянення.

Да прыкладу, пракуратура Мінскай вобласці дала справаздачу падачай звыш 1 100 заяў аб прызнанні матэрыялаў “экстрэмісцкімі” за чатыры гады (з 2021 года), уключаючы 450 у 2024 годзе і 237 за дзевяць месяцаў 2025 года. Пракуратура Віцебскай вобласці апублікавала справаздачу аб падачы 95 заяў за дзевяць месяцаў 2025 года.

Задавальненне 99,9% такіх заяў судамі (напрыклад, 443 з 450 у 2024 годзе) паказвае на адладжаны механізм фармальнай цэнзуры, дзе судовая галіна ўлады таксама фактычна падпарадкаваная выканаўчай, парушаючы прынцып незалежнасці судоў і падзелу ўладаў.

Прымяненне артыкулу 19.11 КаАП

Прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі служыць падставай для прыцягнення да адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП, які застаецца найбольш папулярным “палітычным” артыкулам за прастату ўжывання. Ён выкарыстоўваецца для справаздачнасці мясцовых органаў: напрыклад, у “Астравецкай праўдзе” сілавікі зрабілі справаздачу аб двух фактах “распаўсюджвання экстрэмізму” за другую палову верасня ў горадзе з 15 тысяч жыхароў. Раённая газета рэгулярна адзначае гэтае парушэнне сярод лідараў антырэйтынгу. У 2024 годзе ў Астравецкім раёне па дадзеным артыкуле прыцягнута да адказнасці 51 чалавек.

Артыкул часта служыць падставай для затрымання: сілавікі могуць самастойна падпісвацца на «экстрэмісцкія» матэрыялы ад імя грамадзяніна, ствараючы аснову для наступных крымінальных спраў у адсутнасць гарантый справядлівага суда.

Палітыка ўладаў накіраваная на татальны кантроль над інфармацыяй і меркаваннямі, з відавочным фокусам пераследу звычайных грамадзян, якія не пазіцыянуюць сябе як актывістаў ці палітыкаў. Абраная ўладамі тактыка ўзмацняе атмасферу страху і самацэнзуры, падрываючы свабоду выказвання спрэс.

Спіс экстрэмісцкіх фармаванняў

На 1 кастрычніка 2025 года ў Рэспубліканскі пералік экстрэмісцкіх фармаванняў уключана 313 суб’ектаў. За верасень дададзена шэсць новых: гумарыстычна-сатырычны Telegram-канал “Synthetic overdose”, аналітычны цэнтр BEROC, ініцыятыва Belarus Tomorrow, суполка “Беларусы Адэсы” / “атрад імя Іллі “Літвіна” – Адэса”, медыяпраект “BelVarta” і іншыя. Дзейнасць гэтых фармаванняў забаронена; стварэнне, удзел або любое ўзаемадзеянне (рэпосты, лайкі, згадкі) крыміналізавана па арт. 361-1 і 361-4 КК, якія цягнуць да сямі гадоў пазбаўлення волі.

15 верасня Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд заяву аб прызнанні экстрэмісцкай арганізацыяй Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта – Беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. У якасці абгрунтавання прыводзіцца “мэтанакіраваная праца па дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, метадычная, арганізацыйная і фінансавая дапамога прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак і выкарыстанне спец. службамі некаторых пагранічных дзяржаў для нанясення ўрону інтарэсам Беларусі””. Экстрэмісцкія мэты ЕГУ, на думку Андрэя Шведа, – падрыхтоўка беларускай моладзі да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі, прасоўванне “альтэрнатыўных” трактовак істоічных, культурных і іншых падзей, т.зв дэмакратычных каштоўнасцяў, ідэй “еўрапейскасці”.

ЕГУ, заснаваны ў 1992 годзе ў Мінску, пераехаў у Вільню пасля адвольнага закрыцця ў 2004 годзе, з’яўляецца адзіным незалежным ад палітыкі ўладаў беларускім універсітэтам, які прытрымліваецца еўрапейскіх стандартаў навучання. Многія з тых, хто скончыў ЕГУ, маючы свабоду выбару, усё роўна вяртаюцца ў Беларусь. Аднак пры прыняцці рашэння аб прызнанні ЕГУ экстрэмісцкім фармаваннем, любая афіліяцыя з ЕГУ можа пераследвацца па анты-экстрэмісцкіх артыкулах КК, ад удзелу ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання да фінансавання яго дзейнасці.

Абвінавачванні ў “дэстабілізацыі”, “дапамозе радыкалам”, выкарыстанні літоўскіх спецслужбаў і падрыхтоўцы да “заходніх сцэнароў трансфармацыі” (праз прасоўванне “дэмакратычных каштоўнасцяў” і “еўрапейскасці”) улады маскіруюць свой страх перад інтэлектуальнай апазіцыяй.

Так, пашырэнне спісу экстрэмісцкіх фармаванняў набірае абароты і адлюстроўвае устояную тэндэнцыю да маркіроўкі і забароны не толькі палітычных, але і культурных, аналітычных, адукацыйных і дыяспарных структур. Пры гэтым мэты ўключэння ў пералік супярэчаць міжнародным стандартам разумення гвалтоўнага экстрэмізму.

Спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці

На канец верасня 2025 года спіс экстрэмістаў налічвае 5817 чалавек — пераважна асуджаных паводле палітычных артыкулаў (напрыклад, арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту). За месяц дададзена 140 чалавек, у тым ліку 40 жанчын і дзевяць асоб старэйшых за 60 гадоў. Сярод замежнікаў — грамадзянін Расіі Альберт Карстэн. У спіс уключаны нават 13 чалавек, не прыцягнутых да адказнасці па заканчэнні тэрміну даўнасці па арт. 342 КК, што падкрэслівае адвольнасць працэдуры: вядзенне спісу ўскладзена на выканаўчую ўладу, што парушае міжнародныя стандарты для абароны ад злоўжыванняў; адзінай падставай для ўключэння ў спіс з’яўляецца абвінаваўчы прысуд.

Сярод дададзеных у спіс экстрэмістаў у верасні —  Паліна ЗыльТаццяна ФранцкевічНаталляЛабацэвічМарына ПетражыцкаяАліна Шаўцова і Леанід Шпец. У дачыненні да іх прайшоў суд і на сённяшні дзень яны з’яўляюцца палітвязнямі. Уключэнне іх у спіс абмяжоўвае іх правы: ім пагражае блакаванне фінансавых аперацый (рахункаў, пераводаў, плацяжоў), забарона на працаўладкаванне ў сферы адукацыі, дзяржаўнага кіравання, арміі, медыцыны і сацыяльнай сферы. Абмежаванні дзейнічаюць да пяці гадоў пасля пагашэння судзімасці, што на практыцы азначае да 13 гадоў пасля адбыцця пакарання.

Спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці

На канец верасня 2025 года пералік фізічных асоб і арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці (вядзецца Камітэтам Дзяржаўнай Бяспекі Рэспублікі Беларусь), уключае 1344 чалавекі. За перыяд да 26 верасня дададзена 20 новых асоб, пераважна асуджаных па палітычных матывах, а не па крытэрах «Інтэрпола» за рэальныя тэрарыстычныя акты. Гэта адлюстроўвае практыку ўладаў, дзе спіс выкарыстоўваецца для пашырэння рэпрэсій: акрамя тэрарыстаў у разуменні міжнародных стандартаў, КДБ туды ўносіць і крытыкаў рэжыму.

Напрыклад, нядаўна дададзены Юрый Рубашэнка на падставе прысуду па арт. 130 КК (распальванне варожасці і варожасці). Гэты артыкул, як правіла, ужываецца за каментары ў сацсетках з крытыкай дзяржаўных органаў і сілавікоў, якія кваліфікуюцца як варожасць па прыкмеце «службовая асоба». Гэтая практыка супярэчыць духу артыкула 130 КК, прызначанай для абароны уразлівых груп ад дыскрымінацыі, а не для падаўлення крытыкі ўлады. Рэжым сказіў дадзеную норму, параўнаўшы дзяржаўных служачых з абароненымі катэгорыямі, у той час як яны абавязаны вытрымліваць публічны кантроль. З 2020 года па гэтым артыкуле асуджана не менш за 778 чалавек, што падкрэслівае яе інструментальнасць у палітычных рэпрэсіях і парушэнне арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

На асоб, уключаных у гэты пералік, накладваюцца фінансавыя, сацыяльныя, маёмасныя абмежаванні, а таксама абмяжоўваецца іх свабода перамяшчэння.

Крымінальны пераслед па анты-экстрэмісцкіх артыкулах:

  • Каментары і інтэрв’ю незалежным медыя. 5 верасня 2025 года Мінскі гарадскі суд асудзіў Ігара Ільяша да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Сяргей Кацэр прызнаў Ігара вінаватым паводле арт. 369 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
  • Паведамленні ў тэлеграм-бот “Беларускі Гаюн”, які адсочвае перамяшчэнне вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. 9 верасня 2025 года Яраславу Хромчанкову прызналі вінаватай паводле арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэкса. Гомельскі абласны суд прызначыў дзяўчыне тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Верагодна, за тыя ж дзеянні, быў прызнаны вінаватым па арт. 361-4 КК Іван Юшкевіч — адзін з лепшых вясковых старастаў раёна, які адраджаў вёску ў Бабруйскім раёне. Агулам, па краіне працягваюцца масавыя затрыманні па справе “Беларускага Гаюна”, “Вясне” вядома пра 80 пацверджаных выпадкаў, пры гэтым затрыманых можа быць нашмат больш. У лютым 2025 года сілавікі атрымалі доступ да асабістых звестак карыстальнікаў (больш за 1000 чалавек), якія дасылалі фота/відэа ў тэлеграм-бот, што прывяло да хвалі затрыманняў.

Вядома таксама пра тое, што 25-гадовага Мікіту Грушэўскага асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі, ён быў прызнаны вінаватым адразу паводле некалькіх анты-экстрэмісцкіх артыкулаў: ч. 3 арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Беларусі).

Вясна