Беларускія актывісты ў Польшчы пачалі атрымліваць лісты нібыта ад імя ўкраінскай праваабарончай арганізацыі «ZMINA», але насамрэч праваабаронцы нічога не дасылалі, паведамляе «Вясна».

«Людзей просяць дасылаць інфармацыю пра фігурантаў “справы Гаюна”, а таксама наконт іншых справаў, звязаных з падтрымкай Украіны. Усе лісты прыходзяць ад імя нібыта работніка арганізацыі Міколы Оксынюка і з пошты oksynukmykola@protonmail», – адзначаюць праваабаронцы.

Паводле “Вясны”, цэнтр правоў чалавека «ZMINA» паведаміў, што ў іх няма ні такога супрацоўніка, ні электроннай пошты. Усе лісты ад «ZMINA» прыходзяць толькі з пошты, што сканчаецца @zmina.uа.

Гэта не першы выпадак, калі беларусы атрымліваюць падазроныя паведамленні, але менавіта пра такі спосаб падману не было вядома.

Раней спецслужбы Беларусі пісалі беларусам за мяжой у Facebook ад імя «Maria Pulkovskay» і прапаноўвалі супрацу. Як паведамляла «Вясна», некаторым абяцалі бяспеку іхных родных у Беларусі ў абмен на інфармацыю. У падобных сітуацыях праваабаронцы раяць не адказваць на паведамленні.