
Управа ў справе замежнікаў у Варшаве. Фота: Fratria
Польшча разглядае магчымасць дазволу на кароткатэрміновыя паездкі за мяжу прасьбітам міжнароднай абароны, якія маюць на руках дзейныя віды на жыхарства ў Польшчы і праязныя дакументы. Пра гэта паведаміў Цэнтр беларускай салідарнасці па выніках сустрэчы працоўнай групы ў пытаннях легалізацыі беларусаў пры МУС Польшчы.
Цяпер ЦБС чакае пісьмовага пацверджання такога дазволу ад Управы ў справе замежнікаў.
На цяперашні момант замежнікам нельга пакідаць тэрыторыю Польшчы ў перыяд чакання пастановы наконт прашэння аб міжнароднай абароне нават у выпадку, калі ў іх ёсць усе дзейныя дакументы. Юрысткі з ініцыятывы «Партызанка» раней папярэджвалі, што замежная паездка можа скончыцца ануляваннем заявы аб міжнароднай абароне.
Выязджаць за межы Польшчы падчас працэдуры надання міжнароднай абароны можна толькі ў вынятковых выпадках, напрыклад, калі ёсць медычныя патрэбы ў гэтым, і толькі пасля дазволу Управы ў справе замежнікаў.
Пры падачы на міжнародную абарону Управа ў справе замежнікаў забірае ў заяўніка пашпарт і выдае замест яго часовае пасведчанне замежніка ўва ўсіх выпадках, акрамя сітуацыяў, калі ў прасьбіта ёсць дзейны від на жыхарства ў Польшчы. Тады на руках застаецца і ВНЖ, і нацыянальны пашпарт.
Кіраўнік Управы ў справе замежнікаў Томаш Цытрыновіч таксама запэўніў, што Управа працягвае прымаць заявы на міжнародную абарону ад грамадзянаў Беларусі і разглядаць ужо пададзеныя заявы – замарожванне тэрмінаў разгляду не азначае яго спынення.
Паводле Цытрыновіча, у першым квартале 2026 года плануецца запуск парталу MOS, мэта якога – павялічыць прапускную здольнасць апрацоўвання заяваў і пасля пачатку паўнавартаснай работы парталу вярнуцца да стандартных тэрмінаў разгляду.
Таксама было закранутае пытанне ўжывання Дублінскага рэгламенту ў сітуацыі з палітычнымі зняволенымі, якіх прымусова вывозяць у Літву. Польскі бок выказаў разуменне праблемы і гатовасць разгледзець магчымыя развязанні на падставе агульных палажэнняў дакументу.
Акрамя таго, абмяркоўвалася праблема, што ўзнікае ў выпадках страты пашпарту, а таксама калі ў заяўнікаў заканчваюцца старонкі ў беларускім пашпарце, а польскія органы адмаўляюць у выдачы польскага праязнога дакументу. Прадстаўнікі Управы выказалі гатовасць прапрацаваць гэтае пытанне і разгледзець магчымыя адміністрацыйныя развязанні.
У пасяджэнні працоўнай групы з беларускага боку ўзялі ўдзел намеснік Святланы Ціханоўскай, кіраўнік НАУ Павел Латушка, дарадца Ціханоўскай у прававых пытаннях Леанід Марозаў, старшыня прававой камісіі Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк, кіраўніца дэпартаменту прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская і прадстаўніца ініцыятывы «Partyzanka».
Белсат
