Еўразьвяз запусьціў праграму фінансавай падтрымкі беларусаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій: да 10 000 эўра.

Заяўку можна падаваць да сакавіка 2027 году зь любой краіны сьвету, але атрымаўшы дапамогу, заяўнік павінен знаходзіцца ў адной з краін Еўразвязу.

Еўрапейскі Зьвяз у рамках другога раўнда праграмы EU4Belarus — SALT (Support for Advanced Learning and Training) абвясьціў запуск праграмы падтрымкі для тых, хто пацярпеў ад палітычнага перасьледу, страціў крыніцу даходу і магчымасьць атрыманьня адукацыі.

Сума падтрымкі можа скласьці да 10 тысяч эўра.

Праграма прызначана для грамадзян Рэспублікі Беларусь ва ўзросьце ад 18 гадоў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій пасьля жніўня 2020 года (палітычнае зьняволеньне, пагрозы, перасьлед за грамадзянскую пазіцыю ці ўдзел у мірных пратэстах) і страцілі магчымасьць працягваць навучаньне ці працу.