14 кастрычніка кіраўнік КГБ Беларусі Іван Церцель заявіў, што ў Беларусі з Польшчай не толькі вядзецца дыялог па лініі спецслужбаў, але нават паміж імі «разуменне паволі наладжваецца». Польшча гэта зняпраўджвае.

Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Яцэк Дабжыньскі заявіў выданню «Fakt», што яму нічога не вядома пра дыялог спецслужбаў з Беларуссю.

«Мне нічога пра гэта не вядома», – коратка адказаў Дабжыньскі на пытанні пра супрацу спецслужбаў.

Нагадаем, старшыня КГБ сказаў, што ў дыялогу Беларусі з Польшчай і краінамі Балтыі «наладжваецца разуменне».

«Напэўна, не будзе вялікай таямніцай сказаць, што ў нас ёсць каналы зносін з нашымі партнёрамі. Гэты дыялог вядзецца. І ў тым ліку ў лініі спецслужбаў. Я б сказаў, што разуменне паміж намі паволі наладжваецца. Мы абмяркоўваем вострыя пытанні і дзесьці выходзім на разуменне ўзаемных інтарэсаў», – перадае словы Івана Церцеля БелТА.

Таксама Церцель казаў пра «разрадку той напружанасці, якая ёсць» і пра «вельмі сур’ёзнае абмеркаванне пытанняў з амерыканскім бокам».

«Мы маем усе шанцы на тое, каб дасягнуць прарыву ў цэлым у дачыненнях з ЗША. Для Заходняй Еўропы мы адкрытыя для гэтага. Думаю, найбліжэйшым часам мы пачуем добрыя навіны на гэтым трэку», – казаў кіраўнік КГБ.

Нагадаем, у канцы жніўня французскае выданне «Intelligence Online» паведаміла пра перамовы Церцеля з прадстаўнікамі выведкі ЗША і Вялікай Брытаніі. Маўляў, Церцель там адыгрываў вызначальную ролю ў перамовах паміж Масквою, Кіевам і заходнімі краінамі.

Белсат