
Літва спыніла расследаванне па справе аб пасадцы самалёта Ryanair у Менску, паведамляе Генпракуратура краіны.
Расследаванне было спынена ў звязку з тым, што аналагічнае расследаванне праводзіцца ў Польшчы, і супольная літоўска-польская следчая група прыняла рашэнне аб працягу дасудовага расследавання і прыцягнення вінаватых асоб да крымінальнай адказнасці ў Рэспубліцы Польшча.
Самалёт Ryanair з Афін у Вільню прымусова пасадзілі ў Менску з-за нібыта наяўнасці на борце выбуховага прыстасавання. У выніку пасадкі сілавікамі затрымалі Рамана Пратасевіча і Сафію Сапегу. У дзень пасадкі адпаведнае расследаванне было распачата літоўскімі органамі за выкраданне самалёта.
