Яшчэ 8 чалавек у Беларусі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Cумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі

15 кастрычніка 2025 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна прымяняецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым выдзяленне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, ваеннаслужачых і г.д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці прымянення закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагроз у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, што часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

Нам вядома аб асуджэнні:

Яўгена Валыхіна  па арт. 130, 361, 368 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі, распальванні іншай сацыяльнай варожасці, “закліках да незаконных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь” да чатырох гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Юрыя Рубашэнкі па арт. 130, 361, 368 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі, распальванні іншай сацыяльнай варожасці, “закліках да незаконных дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь” да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі,

Наталлі Васільевай па арт. 130 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Алега Кінева па арт. 130, 368, 361-1 Крымінальнага кодэкса па абвінавачанні ў абразе А. Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады, распальванні іншай сацыяльнай варожасці, ўдзелу ў “экстрэмісцкім фармаванні” да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Паўла Яснага па арт. 130, ч. 1 арт. 342 і 367 КК па абвінавачанні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, удзеле ў пратэсных выступах, паклёпе на А. Лукашэнку да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;

Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым паседжанні, у адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створанай уладамі абстаноўцы нецярпімасці да дзейнасці праваабарончых арганізацый і праваабаронцаў і незалежных журналістаў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і якіх бы там ні было доказаў абвінавачання. Таксама падрывае давер да абгрунтаванасці працэсуальных мер грубыя парушэнні дзяржавай базавых працэсуальных норм, у прыватнасці – прэзумпцыі невінаватасці.

Нам вядома аб асуджэнні па палітычных матывах з грубымі парушэннямі права на справядлівы суд Юрыя Юркова па артыкуле 356 КК па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. 

Таксама вядома пра заключэнне пад варту Канстанціна Міхайлоўскага і Ірыны Буйневіч па арт. 356 КК па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і Генрыха Агеева па арт. 290-5, 356 КК па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і удзеле ў дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены”, палітычным зняволеным з’яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

а) пазбаўленне волі было прыменена ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай Канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  1. d) асоба пазбаўлена волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Яўгена Валыхіна, Юрыя Рубашэнкі, Наталлі Васільевай, Алега Кінева, Паўла Яснага,  Канстанціна Міхайлоўскага, Ірыны Буйневіч, Генрыха Агеева, Юрыя Юркова з’яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітзняволеных прыгаворы і выбраныя меры стрымання пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;

вызваліць названых палітзняволеных, прымяніўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

Lawtrend;

Respect-Protect-Fulfill;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.