
У Беларусі ўжо больш за два дзесяцігоддзі назіраецца дэмаграфічны спад – колькасць народжаных не забяспечвае нават простага ўзнаўлення насельніцтва. Гэта значыць, што беларусаў з кожным годам становіцца ўсё менш. Лічбы, якія сведчаць пра гэта, агучыла дырэктарка Цэнтру чалавечага развіцця і дэмаграфіі Інстытуту эканомікі НАН Беларусі, кандыдатка эканамічных навук Настасся Баброва ў час так званых Адзіных дзён інфармавання, што 16 кастрычніка прайшлі па ўсёй краіне.
Сумарны каэфіцыент нараджальнасці ў краіне складае ўсяго 1,1 дзіцяці на жанчыну, а ў Менску – толькі 0,6. Гэта ніжэй, чымся ў краінах з падобным роўнем урбанізацыі. Для параўнання – у Вялікай Брытаніі гэты каэфіцыент роўны 1,4, адзначыла даследніца.
«У Беларусі ўзнаўленне насельніцтва ніжэйшае за неабходны ўзровень ужо больш за 20 гадоў. Для простага ўзнаўлення насельніцтва трэба як мінімум 2,4 дзіцяці на жанчыну», – адзначыла Баброва.
Яна падкрэсліла, што прычына нізкай нараджальнасці не толькі ў эканамічных цяжкасцях ці нястачы сацыяльных гарантыяў – праблема значна глыбейшая, яна звязаная з пераасэнсаваннем сямейных каштоўнасцяў і зменаю прыярытэтаў у грамадстве.
Хоць у Беларусі існуе шырокая сістэма дзяржаўнага падтрымання сем’яў – у сферах жыллёвых праграмаў, адукацыі, аховы здароўя і дапамог пры нараджэнні дзіцяці, – гэтага недастаткова, каб змяніць дэмаграфічны трэнд.
Паводле даследніцы, калі тэндэнцыі не зменяцца, праз некалькі гадоў у працаздольны век будуць уваходзіць малаколькасныя пакаленні, а пенсійная нагрузка толькі ўзрасце. Гэта можа прывесці да дэфіцыту працоўных рэсурсаў і эканамічнай нестабільнасці.
Паводле апошняга аналізу ААН (World Population Prospects 2024), больш як у палове краінаў свету каэфіцыент нараджальнасці ўпаў ніжэй за ровень простага ўзнаўлення – 2,1 дзіцяці на жанчыну. Сёння нараджаюць у сярэднім на адно дзіця менш, чымся ў 1990 годзе. У спалучэнні са старэннем насельніцтва гэта азначае, што шмат якія краіны ўжо дасягнулі дэмаграфічнага піку ці блізкія да яго.
