
13 кастрычніка палітычнаму актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку споўнілася б 55 гадоў. Ён загінуў у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі № 17, дзе адбываў пяцігадовы тэрмін за ўдзел у пратэстах. Абставіны яго смерці дагэтуль застаюцца нявысветленымі: крымінальная справа не распачатая, расследаванне не праведзенае. “Вясна” паразмаўляла з ягоным земляком, былым палітвязнем Алегам Краўцовым, які дзіўным чынам паўтарыў шлях Вітольда — ад лідскага ізалятара і камеры ў гродзенскай турме № 1 да суда ў таго ж суддзі ды штрафнога ізалятара ў шклоўскай калоніі.
“Вітольд пісаў свой дзённік”
Як распавядае былы палітвязень Алег, з Вітольдам ён быў знаёмы яшчэ да затрымання:
“Але ўсе нашы камунікацыі былі кароценькія ды па справе, таму што я разумеў, што Вітольд чалавек заняты. Падчас перадвыбарчай кампаніі я, напрыклад, разносіў улёткі за Святлану Ціханоўскую, якія мне шчодра выдаваў Вітольд. Падчас розных мерапрыемстваў каля касцёла Ліды мне было цікава пагутарыць з актывістамі, у тым ліку з Вітольдам”.
У гродзенскай турме № 1 напрыканцы лістапада-пачатку снежня 2020 года Вітольда перавялі да Алега ў камеру № 167:
“Магчыма, нас спецыяльна звялі ў адной камеры, бо там сядзела “качка”. Мы даволі нядрэнна адыгралі перад ім нашу першую сустрэчу. За сталом мы сядзелі ўтрох. Вітольд пісаў свой дзённік, той самы, які не аддалі сваякам пасля яго смерці… Памятаю як ён усім у камеры казаў, што вось гэта мой дзённік, кладу вось сюды, хто жадае, можа пачытаць, што “нічога кепскага не пішу, каб не было пытанняў”. Я побач разгадваў японскія крыжаванкі. А “качка” сядзеў каля нас і ўважліва назіраў за намі ды слухаў. І Вітольд так звярнуўся да мяне: “Мы раней не сустракаліся?” Я яму адказаў, што мы ж з Ліды, можа раней і сустракаліся дзе. І тут мы прадставіліся адзін аднаму… Гэтую “качку” хутка прыбралі з камеры, але потым закінулі іншую. Гэта быў вядомы “качанятнік” у гродзенскай турме. Мы яго за пяць хвілін раскусілі. І тут усіх імгненна размеркавалі ў розныя камеры.
Мне шмат цікавых момантаў запомнілася, звязаных з Вітольдам. Напрыклад, як ён запарваў сабе кавы. У кубачак ён насыпаў нераспушчальную каву і туды ж дадаваў парашок “3 у 1”. І вось ён рабіў сабе такую каву, станавіўся з кубачкам каля дзвярэй і казаў: “Ммм, амброзія!”, закурваў цыгарэту “Фэст” і атрымліваў асалоду ад моманту. Ён курыў шмат — дзве цыгарэты запар. Здавалася, што ён у гэтыя моманты нібыта лавіў задавальненне, кайф, што ён можа гэта рабіць. У яго яшчэ такі своеасаблівы стыль быў…
Ён заўсёды размаўляў на беларускай мове. Гэта было прыемна слухаць, вядома”.
“Чалавек з вельмі моцным стрыжнем унутры”
Са словаў былога сукамерніка Вітольда, паспелі яны абмеркаваць і актывісцкую дзейнасць:
“Вітольд лічыў, што ягоная місія ў прынцыпе выкананая. Ён распавядаў пра тое, як планаваў выводзіць людзей перад лідскім гарвыканкамам. Ён быў задаволены, што людзі выйшлі, што іх было шмат. Для яго гэта было вельмі важна.
Мы шмат абмяркоўвалі, якія правакацыйныя захады супраць палітыкаў могуць выкарыстоўвацца. Вітольд казаў, ён гатовы да таго, што ў дачыненні да яго могуць арганізаваць усё, што заўгодна — і падкінуць рэчывы, і пасадзіць за шалёныя рэчы. Ён адзначаў, што палітыка — настолькі брудная рэч, што ты мусіш быць гатовым да ўсяго. І ён сапраўды быў гатовы. Гэта быў чалавек з вельмі моцным стрыжнем унутры. Ён разумеў, для чаго ён усё робіць, і ніхто яго не мог пераканаць. Таксама Вітольд быў катэгарычна супраць таго, каб беларусы з’язджалі з краіны. Многія цяпер абмяркоўваюць учынак Мікалая Статкевіча. Думаю, што Вітольд зрабіў бы гэтак жа. Ён любой цаной заставаўся б у Беларусі. Ён казаў, што гэта наша краіна і ніхто ў гэтай краіне не можа распараджацца, акрамя самога народа. Перакананні Вітольда былі вельмі глыбокімі. Але ён таксама верыў, што ўсё хутка скончыцца, таму што працэс быў пачаты ўжо”.
“Амаль увесь мясцовы Telegram ператварыўся ў Вітольда
Алег успамінае, што таксама распавёў Вітольду пра тую салідарнасць з ім пасля яго затрымання:
“13 кастрычніка ў Вітольда быў юбілей — 50-годдзе, і я яму распавёў, як хлопцы запускалі салют каля ізалятара, каб яго павіншаваць. Ён успамінаў, што яго сябры і торт перадалі. За салют некалькі чалавек былі затрыманыя на “суткі”, бо міліцыя была расстаўленая за гаражамі насупраць ЦІПа для хуткага рэагавання). Ён разумеў, што салют быў для яго.
Я распавядаў Вітольду: “Уяўляеш, у гонар цябе спецыяльна стварылі чат у Telegram, у якім любы чалавек можа табе пакінуць віншаванне з Днём нараджэння. Там было столькі віншаванняў! Вітольд, ты б гэта бачыў! І ты сам зможаш потым іх прачытаць. А яшчэ амаль увесь мясцовы Telegram ператварыўся ў Вітольда, таму што ўсюды людзі ставілі на аватарку тваё фота”. І Вітольд, калі гэта чуў, прыкладаў кулак да сэрца і паказваў, як яму прыемна. Яго гэта так праймала! Яму было прыемна, што людзі самастойна могуць арганізаваць такую салідарнасць. А яшчэ ў мяне ў самога быў у Telegram акаўнт, які так і называўся: “Вітольд, ты б гэта бачыў!” Там ягоны і фотаздымак быў! Нават у маёй крымінальнай справе быў прапісаны гэты акаўнт. За гэта ён мне паціснуў руку. Такія моманты вельмі глыбока краналі Вітольда. Яго перапаўняў гонар, што ён паказваў у жэстах, у міміцы твару. Яго проста насычалі гэтыя эмоцыі. Гэта былі адны з самых крутых маіх успамінаў. Я вельмі рады, што мне ўдалося з ім пабачыцца і асабіста яму расказаць усё”.
“Нават у тых умовах ён дапамагаў палітвязням”
Некаторы час у адной камеры з Вітольдам Алег прабыў яшчэ ў лютым 2021 года:
“Да гэтага мы былі з Вітольдам на “бастыёне”, а цяпер — на “амерыканцы”. Там вельмі маленькія камеры: 3,2 на два метры. Пры гэтым там стаяць дзве двух’ярусныя нары, а ў вузкім праходзе яшчэ столік. Таксама там ёсць ракавіна і так званая прыбіральня. Месца зусім мала. Але не гэта выявілася галоўным, галоўнае — тая кампанія, у якой знаходзішся! Мне было там так спакойна разам з інтэлігентнымі людзьмі. У Вітольда было столькі ўсялякай літаратуры! Да яго прыходзіла шмат розных газет, напрыклад, “Звязда”, “Ганцавіцкі час”. Яшчэ ў яго была вельмі класная кніга — “Навуковы антыкамунізм і антыфашызм”. Цікава, што гэтая кніга нейкім цудам захавалася яшчэ з лідскага ІЧУ.
Яшчэ цікавы момант, нягледзячы на тое, што на вуліцы было холадна, на шпацыр ён хадзіў у шлёпанцах і вязаных шкарпэтках. Нават у моцныя маразы ў лютым! Таму яго не заўсёды хацелі пускаць на прагулку. Я памятаю што з абутку ў яго былі яшчэ толькі кеды. І ён заўсёды казаў: “У мяне ўсё добра!”
Алег успамінае Вітольда як добрага і адданага сваім ідэям і прынцыпам чалавека. Ён згадаў яркі прыклад, які ў чарговы раз пацвярджае гэта:
“Нават там Вітольд прымудрыўся арганізаваць “ногі” — працэс перадачы пакетаў з прадуктамі, прысмакамі, гарбатай з адной камеры ў іншыя, — для палітвязняў. Па-мойму, ён сабраў сем такіх пакетаў. Не ведаю, як гэта было магчыма, але я быў сведкам гэтага. Нават у тых умовах ён дапамагаў палітвязням з іншых камер”.
“Абавязкова разам гарбаты пап’ем, калі будзем на волі!”
Алега судзіў той жа суддзя, што і Вітольда — Максім Філатаў. Пра смерць земляка ён даведаўся якраз на этапе паміж судамі:
“Я адразу не паверыў: “Як можа Вітольд памерці?” Гэта ж турма — нікому нельга верыць. Калі я прыехаў у турму, то там ужо ўсе пра гэта казалі ды абмяркоўвалі. А я ўсё не верыў. А потым мне прыйшоў ліст, у якім таксама быў фотаздымак з Курапат, з Вітольдам і лампадкай… Тады толькі прыйшло ўсведамленне. Было сумна, у галаве былі ўспаміны і няздзейсненыя планы.
Я адразу пачаў узгадваць сумесныя моманты. Калі мы развітваліся ў камеры і разумелі, што хутчэй за ўсё больш не сустрэнемся ў турме. У мяне былі каржы для торта, і я хацеў яму іх аддаць, а ён не бярэ, тады я сказаў, што гэта ад маёй жонкі. Тады ён не змог адмовіць, прыняў і сказаў: “Абавязкова разам гарбаты пап’ем, калі будзем на волі!” Гэта былі апошнія ягоныя словы мне”.
Потым я даведаўся, што мяне, хутчэй за ўсё, адправяць у тую ж калонію, што і Вітольда. Было страшна…”
“Вітольд быў нязломны”
У шклоўскай калоніі № 17 Алег некалькі разоў прайшоў праз ШІЗА, дзе ён адчуў катаванне холадам, дэпрывацыю сну, праз што ўзнікалі галюцынацыі. На волі, калі ён убачыў відэа з Вітольдам, то заўважыў некаторыя моманты, якія выклікаюць пытанні:
“На відэа ўсё не так, як павінна быць у ШІЗА. Відэа складаецца з трох кадраў. На першых двух кадрах на стале стаіць кубачак, але яго там быць не можа. Мне цяжка ўявіць сітуацыю, у якой на стале мог б стаяць кубачак. Таксама не было тых рэчаў, якія мусяць быць у ШІЗА. Звычайна выдаюць кавалак мыла, анучу, туалетную паперу — гэтага няма ў ячэйках над рукамыйнікам.
Акрамя гэтага, на першых кадрах можа здацца, што ў адной з ячэеек для захоўвання рэчаў ёсць нейкае адлюстраванне ад акна, якое, меркавана, размешчанае ззаду. Але гэтыя ячэйкі шчыльна прымыкаюць да сцяны, таму святло там не можа адбіцца. Гэта падобна на смартфон, які быў усталяваны ў рэжыме франтальнай здымкі. Гэта нешта такое, што выпраменьвае святло самастойна. І той прадмет як быццам адлюстроўвае перасоўванне таго чалавека ў камеры. Таму на першых кадрах у мяне пытанне, ці сапраўды гэта быў Вітольд. Бо на трэцім кадры, дзе ён ужо ляжыць, гэта дакладна быў Вітольд, мяркуючы па татуіроўцы на руцэ, якую ён сам сабе зрабіў…
ШІЗА — гэта месца, дзе ламаюць людзей, ужываючы да іх розныя метады ўздзеяння, уключна з фізічнымі. Вітольд быў не зламаны, ён гнуў сваю лінію, пакуль мог даваць адпор. Зразумела, што яго хацелі зламаць. Звычайны чалавек ад такіх катаванняў перастае супраціўляцца, абы толькі спынілі здзекі, але толькі не Вітольд. Ён крычаў ад болю, але не ламаўся, таму што Вітольд незвычайны чалавек. Яго забойцы не зразумелі з кім маюць справу, таму ён і загінуў у той дзень”.
Вясна
