будынак КГБ у Менску

Пра новую ўцечку даных з КГБ паведамілі “Кіберпартызаны”.

Паводле актывістаў, яны атрымалі доступ да базы даных са звесткамі пра 4400 былых і дзейных супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі. Таксама “Кіберы” сцвярджаюць, што даведаліся імёны 2000 беларусаў, якія апошнімі гадамі кантактавалі са спецслужбай “па палітычных пытаннях”. Пры гэтым “Кіберы” падкрэсліваюць, што не ўлічвалі імёны тых, хто падаваў запыты ў архіў КДБ.

“Гэтыя звесткі будуць выкарыстаныя для ўнутранай працы ў вылічэнні агентуры і даносчыкаў КДБ”, — абвяшчаюць “Кіберпартызаны”. Таксама яны заклікаюць спецслужбы прыхільных краін звяртацца па дапамогу ў вылічэнні агентаў лукашэнкаўскага рэжыму.

Раней “Кіберпартызаны” атрымалі доступ да базы даносаў у КГБ. Улетку 2021 года яны ўзламалі сістэму “Пашпарт” са звесткамі ўсіх грамадзян Беларусі. Таксама ініцыятыва атрымала ў сваё распараджэнне базу даных людзей, засуджаных па пратэсных артыкулах, даныя аб праслухоўванні сілавікоў ды іншае.