Беларускі пісьменьнік, крытык Фелікс Купцэвіч нарадзіўся 21 кастрычніка 1900 году ў Гародні.

У час Першай сусветнай вайны быў у бежанстве ў Калузе і Петраградзе. У 1918 годзе вярнуўся ў Гародню. У 1920 годзе разам з Чырвонай Арміяй пакінуў Гародню. З 1924 года працаваў у статыстычным аддзеле ЦК КП (б) Б. Пасля на партыйнай працы ў Крычаве і Клімавічах.

Друкавацца пачаў у 1920 годзе. У 1926 годзе публікаваў апавяданні ў часопісе «Маладняк Калініншчыны». Даследаваў творчасць Цішкі Гартнага, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Кузьмы Чорнага. У 1926 годзе накіраваны на работу ў Латвію. Пасля вяртання ў 1927 годзе намеснік рэдактара газеты “Звязда”.

З 1929 года вучыўся на літаратурным аддзяленні Інстытута чырвонай прафесуры ў Маскве. Па абвінавачанні ў беларускім нацыянал-дэмакратызме ў 1930 годзе выключаны з інстытута. Арыштаваны ГПУ БССР 29.8.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; вызвалены 4.10.1930. Працаваў у Маскве на заводзе. Арыштаваны 9.4.1933 па справе «Беларускай народнай грамады». Засуджаны на 5 гадоў зняволення; накіраваны ў Мінусінскі лагер. Арыштаваны ў лагеры 23.11.1937; прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.