22 кастрычніка кіраўнікі палітычных груп і старшыня Еўрапарламента Рабэрта Мэтсола вызначыліся з лаўрэатамі прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 году.

Еўрапарламент уганараваў зняволенага ў Беларусі журналіста і аднаго з лідараў польскай меншасці Анджэя Пачобута прэміяй Сахарава. Таксама гэтую прэмію прысудзілі Мзіі Амаглабэлі з Грузіі.

Яшчэ 9 верасня група еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў, да якой належыць польская партыя «Права і справядлівасць» у Еўрапейскім Парламенце ў Страсбургу, рэкамэндавала ўзнагародзіць прэміяй Андрэя Сахарава беларускага палітычнага вязня Анджэя Пачобута. 16 кастрычніка сябры камітэтаў замежных справаў і развіцця Еўрапейскага Парламенту прагаласавалі за Пачобута як аднаго з фіналістаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 года.

Абвяшчаючы імёны лаўрэатаў, старшыня Еўрапарламента Роберта Мэтсола заявіла: «Мы аддаём даніну павагі двум журналістам, чыя мужнасць з’яўляецца промнем надзеі для ўсіх, хто адмаўляецца маўчаць. Абодва заплацілі высокую цану за тое, каб гаварыць праўду перад тварам улады, стаўшы сімваламі барацьбы за свабоду і дэмакратыю».

Прэмія імя Сахарава за свабоду думкі, якая прысуджаецца Еўрапейскім парламентам з 1988 года, з’яўляецца найвышэйшай узнагародай Еўразвязу ў галіне правоў чалавека. У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-ым — Аляксандр Мілінкевіч, а ў 2020-ым — Дэмакратычная апазіцыя Беларусі.