
Былы сілавік і валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай Уладзімір Кніга ўтрымліваецца за кратамі больш за пяць гадоў. За гэты час яго змяшчалі ў штрафныя ізалятары і памяшканне камернага тыпу, узмацнялі рэжым, двойчы асудзілі за “злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы” (арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Больш за два гады палітвязень знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада — без сувязі са знешнім светам. Былы палітвязень Алег Краўцоў распавёў “Вясне” пра знаёмства з Уладзімірам у гарадзенскай турме № 1.
“Хоць у яго былі свае праблемы, ён усё роўна мог зараджаць усіх пазітывам”
“Я б вельмі хацеў хутчэй пабачыць Уладзіміра на волі. Ён павінен быць адным з першых, каго павінны вызваліць. Я разумею, што стан яго здароўя далёка не ў лепшай форме. Для яго кожны дзень там гэта катаванні і рызыкі не толькі для здароўя, але і для жыцця. Але трэба разумець, што ён былы вайсковец, таму для гэтай сістэмы ён здраднік. Таму сістэма так адыгрываецца на ім. Яны яго хочуць знішчыць… Мне балюча ўявіць, што з ім адбываецца там. Вядома, чалавек да ўсяго прыстасоўваецца, але з цягам часу гэта ўсё ператвараецца ў невыноснае псіхалагічны выпрабаванне. Хоць ён ментальна выклікаў адчуванне чалавека скалы, але мяне ўжо тады турбавала яго здароўе. Але ён казаў, што гэта ўсё дробязі.
Я не змагу перадаць словамі, які гэта выдатны чалавек. Гэта чалавек са стрыжнем і класнымі поглядамі на жыццё. Я памятаю, як шмат мог з ім абмеркаваць і пра што пагаварыць. Ён даў мне нямала парадаў і навучыў мяне правільна паводзіць сябе падчас магчымых допытаў. “Алежка, нічога не бойся! Глядзі ім у вочы і ўсміхайся”, — казаў ён. Ён разумеў, што яго чакае далёка не лепшы час. Пры гэтым усім ён усё роўна заставаўся ў стабільным устойлівым стане, пазітыўна глядзеў у будучыню”.
Алег Краўцоў быў некалькі разоў у адной камеры гарадзенскай турмы з Уладзімірам у 2021 годзе. Ён узгадвае:
“Кожны вечар ён рыхтаваў моцны чай для ўсіх жадаючых у камеры і запрашаў далучыцца. Людзі збіраліся і станавіліся ля стала. Вова заўсёды пачынаў чаяванне са словамі “Сёння быў выдатны дзень…”, далей ён пералічваў тыя падзеі, якія адбыліся за гэты час. Гэта стала такім добрым рытуалам, калі можна было пачуць словы, якія ўсяляюць надзею і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. А сканчаў ён сваю прамову словамі: “Быць дабру!”, а мы яе паўтаралі, пасля чаго Вова частаваў усіх свежазапаранай гарбатай. Ён часта казаў і пісаў у лістах неабыякавым беларусам (пакуль гэта яшчэ было магчыма): “Вера, надзея і любоў — непахісныя!” Ён заўсёды аптымістычна глядзеў у будучыню, нягледзячы на тое, што было псіхалагічна цяжка. Хоць у яго былі свае праблемы, ён усё роўна мог зараджаць усіх пазітывам. Гэта дарагога каштуе”.
Гісторыя пераследу Уладзіміра
Нагадаем, Уладзіміра Кнігу затрымалі чацвёртага чэрвеня 2020 года пасля штурханіны на выбарчым пікеце 29 траўня 2020 года ў Гародні. Валанцёру штаба выставілі абвінавачванне паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт у дачыненні да міліцыі).
2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу ў гарадзенскім судзе Уладзіміру прызначылі чатыры гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адбываць тэрмін яго адправілі ў калонію № 14 у Навасадах. Але летам 2022 года палітвязню ўзмацнілі рэжым і памянялі яго на турэмны. У жодзінскай турме яго больш за чатыры месяцы ўтрымлівалі ў ШІЗА. Праз год у судзе г. Жодзіна Уладзіміра асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі турмы). Суддзя Іван Грынкевіч прызнаў Уладзіміра вінаватым і прызначыў яму яшчэ адзін год зняволення. Пасля гэтага яго зноў адправілі ў Навасады. З верасня 2023 года Уладзіміра ўтрымліваюць у рэжыме інкамунікада.
У студзені 2025 года суд Барысаўскага раёна разгледзелі другую справу супраць палітвязня паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Людміла Зінкевіч прызначыла Уладзіміру яшчэ адзін год пазбаўлення волі. Цяпер Уладзімір адбывае тэрмін у горкаўскай калоніі № 9.
