
У Гародні зноў пераследуюць былога палітвязня Аляксандра Лаўрэнцьева. Стала вядома, што яго засудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкулу 19.11 КаАП. На волю ён павінен выйсці 1 лістапада.
Напомнім, што раней Аляксандру Лаўрэнцьеву прысудзілі 3 гады і 4 месяцы калоніі за абразу Лукашэнкі і нейкага іншага прадстаўніка ўлады.
Прысуд быў абвешчаны ў судзе Ленінскага раёна Гародні ў 2022 годзе. Лаўрэнцьева звінавацілі паводле дыфамацыйнага артыкулу 368 КК («Абраза Лукашэнкі») і 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Яго засудзілі да 3 гадоў і 4 месяцаў зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Зняволенне Лаўрэнцьева адлічвалася з 11 кастрычніка 2022 года. Ён адбываў яго ў Бабруйскай калоніі №2, потым у Наваполацкай. Цягам гэтага часу была інфармацыя, што яму дадалі 1 год зняволення ў калоніі паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”). Невядома аднак, ці гэта было дакладна так.
Лаўрэнцьеў яшчэ перад судом быў пэўны час у Польшчы, дзе здзейсніў шэраг авантураў, пасля чаго вярнуўся ў Беларусь і быў затрыманы.
На волю пасля зняволення па крымінальнай справе Лаўрэнцьеў выйшаў 7 чэрвеня гэтага году.
