скрыншот Hrodna.life

З аўкцыёну распрадаюць маёмасць Гарадзенскага таварыства «Рукша”. Гэта 25 лотаў запчастак розных брэндаў з крамы “Аўтазапчасткі” ў Гародні, якім валодаў мясцовы прадпрымальнік Віктар Рукша. Ён быў засуджаны да зняволення пасля скаргі на сілавікоў у 2020 годзе, піша Hrodna.life.

Маёмасць распрадаюць на падставе вызначэння эканамічнага суда Гарадзенскай вобласці ад 8 траўня 2024 года. Тады фірму прызналі банкрутам.

Разбіральніцтва па справе Віктара Рукшы пачалося падчас пратэстаў 2020 года. Тады Віктар паскардзіўся на сілавікоў, якія ўварваліся да яго ў краму і затрымалі ў тым ліку яго супрацоўнікаў. Дэпартамент фінансавых расследаванняў заявіў аб нявыплаце падаткаў. Віктар судзіўся спачатку з эканамічным судом Гарадзенскай вобласці ў надзеі адмяніць акты ДФР. Пазней справа стала »крыміналкай”.

Віктара ўзялі пад варту з лютага 2022 года. Пазней асудзілі за ўхіленне ад падаткаў і злоўжыванне ўладай у траўні 2023 года на    3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Летам 2024 года Віктар выйшаў на волю.