У Беластоку позна ўвечары 27 кастрычніка ў скверы непадалёк помніка Ежы Папялушку прайшла традыцыйная акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі ў Беларусі.

Акцыя сабрала каля 25 чалавек. Выступоўцы найбольш гаварылі на гэты раз пра прысуджэнне Пачобуту прэміі імя Андрэя Сахарава, згадвалі гісторыю гэтай прэміі, яе лаўрэатаў і тое, што прадстаўнікам Беларусі яна прысуджана ўжо 4-ы раз. На жаль, усе гэтыя прысуджэнні былі звязаныя якраз з рэпрэсіямі ў краіне. Выступоўцы дзякавалі за салідарнасць тым еўрапейскім палітыкам, якія вылучылі і падтрымалі кандыдатуру Анджэя Пачобута.

25 сакавіка 2021 году Анджэй Пачобут быў затрыманы ў Гародні і кінуты ў турму. Пазней журналіста і дзеяча Саюзу палякаў у Беларусі засудзілі да вялікага тэрміну зняволення – 8 гадоў. Цяпер ён па-ранейшаму ў Наваполацкай калоніі. У зняволенні Пачобут ужо 4 гады і 7 месяцаў.

22 кастрычніка зняволены Анджэй Пачобут быў уганараваны прэміяй імя Андрэя Сахарава.

Згадвалі таксама пра Вітольда Ашурка як таксама прынцыповага і сумленнага чалавека, а да ўсяго ахвяру палітычных рэпрэсій. Характарызавалі маштаб рэпрэсій у Беларусі і тое, што яны працягваюцца, на жаль, надалей.

oppo_0