Беларускі культурны дзеяч, каталіцкі святар, вязень ГУЛАГу Віктар Шутовіч нарадзіўся 27 кастрычніка 1890 году ў вёсцы Шутавічы Ашмянскага павету (цяперашні Смаргонскі раён). Паходзіў з сялянскай сям’і. вучыўся ў школе ў Ашмяне. У 1909-13 гадах навучаўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, дзе ўсвядоміўся як беларус. У 1913-ым пасвечаны ў святары. Працаваў вікарам у Вільні. Захаваўся ўспамін Віктара Шутовіча пра тое, як ён у 1913 годзе ездзіў у Ліду, дзе меў гутарку з старым праваслаўным святаром, былым уніяцкім, па прозвішчы Каяловіч, які зрабіў на яго беларускі ўплыў. Апекаваўся Шутовічам і прэлат Ян Курчэўскі, які раіў яму чытаць “Беларуса”.

У 1914 годзе Шутовіч паступіў у каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу, аднак на трэцім курсе быў змушаны пакінуць вучобу з-за матэрыяльных цяжкасцяў. Але паспеў прайсці там “школу” прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. Многія беларускія клерыкі, якіх запісвалі палякамі, менавіта там усё больш ўсведамлялі сябе беларусамі. У гуртку пад кіраваннем Шыпілы ладзіліся паседжанні, дзе клерыкі рыхтавалі даклады. Вядома, што Шутовіч на адным з такіх круглых сталоў выступаў з рэфератам пра творчасць Францішка Багушэвіча.

У 1917-27 гадах Шутовіч працаваў пробашчам у вёсцы Барадзенічы на Браслаўшчыне. Шырока практыкаваў беларускую мову ў касцельнай службе, вёў нацыянальна-патрыятычную працу сярод мясцовага насельніцтва, за што пераследаваўся касцельнымі ўладамі. У 1927 годзе быў пераведзены вікарам (фактычна з паніжэннем статусу) у Ліду, пасля ў мясцовасць Трысцень (Тшцяне) на Беласточчыне.

У 1929 годзе Віктар Шутовіч выехаў у ЗША, дзе працаваў сярод эміграцыі як беларускі святар. У 1932-ім вярнуўся на радзіму і да 1944-га служыў вікарам у Харошчы на Беласточчыне. З лета 1944-га быў ксяндзом у Менску ў катэдральным касцёле, пасля ў Барысаве, зноў у Менску. Служыў у Менскім Чырвоным касцёле. Праводзіў актыўную місіянерскую дзейнасць.

У канцы 1945-га Шутовіч рэпрэсаваны савецкімі ўладамі, зняволены паводле прысуду на 10 гадоў у канцлагеры. Быў у зняволенні на тэрыторыі аўтаномнай рэспублікі Комі. Вызвалены толькі ў 1953-ім, зноў быў пробашчам у Менску. У 1956-ым змушаны пакінуць сталіцу Беларусі і пераехаць у Барысаў. У гэтым горадзе таксама нелегальна выконваў святарскія абавязкі.

Як публіцыст і літаратар друкаваўся з канца 1920-ых у “Хрысціянскай думцы”, “Беларускай крыніцы”, “Калосьсі”, пісаў апавяданні, п’есы. У Вільні ў 1939-ым выдаў “Маёвую чытанку”. Таксама апрацаваў зборнік “Калядныя песьні”, выдадзены Нінай Абрамчык у Берліне. У бібліятэцы Акадэміі Навук Літвы ў Вільні захаваліся лісты Шутовіча да іншага беларускага святара Уладзіслава Талочкі. У іх ён прадстаўляе сваё бачанне душпастырства ў сітуацыі, якая склалася перад другой сусветнай вайной.

Памёр Віктар Шутовіч 1 сакавіка 1960 году ў Барысаве. Пахаваны на мясцовых кальварыйскіх могілках каля былой капліцы, якая была разбурана ўжо пасля смерці святара. На помніку Шутовіча напіс беларускай лацінкай. У Барысаве пра святара захавалася добрая памяць. Да нядаўняга часу была і хата, у якой Віктар Шутовіч вёў патаемныя набажэнствы і душпастырскую дзейнасць.