
Плынь замежнікаў, якія хочуць працаваць у Беларусі, расце. Пра гэта заявіў 28 кастрычніка першы намеснік міністра ўнутраных справаў Юрый Назаранка падчас III Менскай міжнароднай канферэнцыі ў пытаннях еўразійскай бяспекі, перадае БелТА.
Прадстаўнік МУС адзначыў, што за дзевяць месяцаў 2025 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь на працу, павялічылася ў паўтара раза – з 21 тыс. да 32 тыс. асобаў. А колькасць беларускіх грамадзянаў, якія выязджаюць пры садзейнічанні юрыдычных асобаў і ІП для працаўладкавання за мяжу, скарацілася з 3 тыс. да 2 тыс. асобаў, сказаў ён. Колькі беларусаў з’язджаюць за мяжу без такога садзейнічання, ён не ўдакладніў.
Паводле звестак МУС, цягам 2021–2022 гадоў з Беларусі з’ехалі больш як 200 тыс. чалавек. Намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў казаў пра 350 тыс. эмігрантаў. А старэйшы даследнік Цэнтру новых ідэяў, сацыёлаг Генадзь Коршунаў, ацэньваў лічбу як 500–600 тыс. чалавек.
У пачатку красавіка 2025 года Лукашэнка паставіў беларусаў перад фактам: у нашую краіну прыедуць працаваць 100–150 тысяч пакістанцаў. Ён абвесціў гэта на сустрэчы ў Менску з прэм’ер-міністрам Ісламскае Рэспублікі Шэгбазам Шарыфам.
Беларусы, як аказалася, да такога не былі гатовыя. У сацыяльных сетках пачаўся галас, а прапаганда кінулася тлумачыць, што «кепскія» мігранты – толькі ў Заходняй Еўропе, а да нас прыедуць спрэс працавітыя людзі, якія з часам вернуцца на радзіму.
Перыядычна пра працоўных мігрантіаў піша і дзяржаўная прэса Гарадзеншыны.
