Да ўгодкаў “ночы расстраляных паэтаў” жонка палітвязня Дзяніса Івашына, які зараз за кратамі, Вольга прыгадала верш, які некалі напісаў Дзяніс.

Вольга Івашына піша:

Ноч з 29 на 30 кастрычніка выклікае ў Беларусаў сумныя ўспаміны зь гісторыі нашага народу. У крывавым шале ўсходніх барбараў рукамі і мясцовых бессумленных памагатых толькі за адну гэтую кастрычніцкую ноч у адных Курапатах злачынцы зьнішчылі больш за сотню паэтаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў, т.б. эліту нацыі. Шаленства доўжылася некалькі год да і пасьля 1937 году. Бязьвінныя ахвяры не пахаваныя па-людзку, а зарытыя ноччу ў зямлю падалей ад вачэй выпадковых сьведкаў. І ўсё адно праўда выйшла на сьвет Божы і зьмяніла “Беларускі сьвет” назаўжды.

Мы зь Дзяніс Івашын, пакуль была такая магчымасьць, стараліся патрапіць у нацыянальны мэмарыял у гэты ці бліжэйшыя да яго дні (часам на Дзяды).

А я яшчэ нагадаю вам верш Дзяніса, прысьвечаны ім тэме масавых стратаў:

“Наган бязьлітасна ўзьняты,

Раптоўны спалах, стрэлу гук,

Твае сыны прырэчаны да страты,

Ляжаць у зямлі, нібы каменьняў брук.

Не пакаяньня чын яны чакаюць

Нашчадкаў ідэйных тых, хто страляў.

Твае сыны без супакою спачываюць,

Бо іх у тую ноч ніхто не адпяваў.

У безназоўных іх магілах

Спяць ненароджаныя пакаленьні,

Паэзіі няісны скарб на белых крылах,

Душы народнае спадзевы й маленьні.

Жыцьцё задзьмуўшы яркі зьніч,

Ня здолела згасіць чырвоная навала

Вашай душы ахвярны кліч,

Што ў сэрцы полымем гарыць трывала!”

А ў відэа-файле (https://m.youtube.com/watch?v=wZNGRnUGlUo) можна паслухаць, як сам Дзяніс на адным з ранейшых вечароў памяці ў Гародні чытае верш Ластоўскага “Пішы”.