
На беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА
Адкрыццё пунктаў пропуску “Кузніца” і “Баброўнікі” на мяжы з Беларуссю Польшча будзе каардынаваць з Літвой. Узгадненні на міжнародным роўні ўскладняюць працэдуру, але не робяць яе немагчымай.
“Мы былі гатовыя адкрыць два пункты пропуску на мінулым тыдні. Але менавіта ў звязку з тым, што адбылося ў Літве, і ў звязку з заявай Літвы мы вырашылі дзеіць супольна і паслядоўна па гэтым пытанні”, — паведаміў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочак у эфіры RMF24.
Ён дадаў, што міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервінскі абмеркаваў гэтае пытанне ў сераду падчас сустрэчы ў Гданьску міністраў унутраных спраў краін Балтыі. “Сёння ён паразмаўляе са сваім літоўскім калегам. Прэм’ер-міністр Літвы таксама абвясціў пра размову з прэм’ер-міністрам Тускам, таму мы супрацуем з Літвой”, — патлумачыў Мрочак.
У аўторак прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што ў лістападзе збіраецца аднавіць працу двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. 29 кастрычніка ўрад Літвы заявіў, што мяжа гэтай краіны з Беларуссю будзе закрытая да 30 лістапада. Пры гэтым у Вільні выказалі спадзеў, што Польшча прыме ўзгодненыя меры.
