
Гарадзенскі абласны суд 31 кастрычніка засудзіў палітвязня Сяргея Чабоцьку паводле арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання) Крымінальнага кодэкса. Рэдактару блогу S13 прызначылі тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 1000 базавых велічыняў.
Пра прысуд тэлерадаёкампаніі Гродно паведаміла намесніца начальніка аддзела пракуратуры Гарадзенскай вобласці Людміла Герасіменка.
Напомнім, што Людміла Герасіменка выступала дзяржаўным абвінаваўцам на працэсе па “справе Аўтуховіча” і на многіх іншых знакавых працэсах. За што была ўзнагароджана Лукашэнкам медалём “За працоўныя заслугі”.
Паводле матэрыялаў справы, Сяргей Чабоцька “супольна з іншымі асобамі стварыў сайт S13 і аднайменныя рэсурсы, дзе публікаваліся заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, абразы прадстаўнікоў улады і паклёпніцкія сведчанні датычна прэзідэнта Беларусі”.
Рэдактара папулярнага гарадзенскага блогу S13 затрымалі 23 кастрычніка. Яго судзілі тройчы — за “распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў” і “пікет” у інтэрнэце. Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што кантэнт блогу S13 і яго сацсеткі прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.
Гісторыю пераследу Чабоцькі можна прасачыць тут:
