
31 кастрычніка ў час наведвання Лепельскага раёна Лукашэнка сярод іншага заявіў, што адкрыццё польска-беларускай мяжы павінна было суправаджацца абменам Анджэя Пачобута і кагосьці з палякаў на беларускіх шпіёнаў, затрыманых у Польшчы Але цяпер, маўляў, дамоўленасці адмяняюцца, бо Польшча адклала адкрыццё мяжы на знак салідарнасці з Літвой. Польскае МЗС адмовілася гэта каментаваць.
«Мы хочам, каб Анджэй Пачобут як мага хутчэй пакінуў турму. Мы не будзем каментаваць паведамленні ні КДБ, ні Лукашэнкі», — заявіў у размове з выданнем Interia прадстаўнік МЗС Польшчы Мацей Вевюр.
Раней Польшча выказвала намер з лістапада адкрыць на мяжы з Беларуссю два пункты пропуску, але ў звязку з арганізаванай з Беларусі атакай на Літву пры дапамозе кантрабандысцкіх метэазондаў адклала гэтыя дзеянні як мінімум на два тыдні.
