
Жыхары Ваўкавыска, асуджаныя па “справе дваровых чатаў” / spring96.org
Сталі вядомыя прозвішчы ўсіх жыхароў Ваўкавыску, засуджаных па так званай справе “дваровых чатаў”.
Шасцярых жанчын і трох мужчын у Гарадзенскім абласным судзе звінавацілі ва “ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні” (ч. 3 арт. 361-1 КК) і прызначылі калонію і штрафы на 800 базавых велічыняў (33 600 беларускіх рублёў) кожнаму, піша праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Прысуд вынесла суддзя Зінаіда Барцэвіч. Нагодай стаў удзел засуджаных у дваровым тэлеграм-чаце “Вольныя ваўкі”. Фігуранты справы знаходзяцца пад вартай з канца кастрычніка 2024 года.
Агулам Ліліі Юруць, Людміле Шрубок, Вользе Пракопчык, Алене Жукавай, Ірыне Дабрыновіч, Віктару Турчэніку, Наталлі Краўчук, Іллю Ходасу і Віталю Цынкелю, як падлічылі праваабаронцы, прызначылі 23 гады і тры месяцы зняволення, а таксама штраф на суму 302 400 рублёў (прыкладна 77 200 еўра).
Звяртае на сябе ўвагу прозвішча суддзі Зінаіды Барцэвіч (дзявочае прозвішча Фіясь). Барцэвіч ведамая тым, што доўгі час была старшынёй суду Кастрычніцкага раёну Гародні.
У 2011 годзе Зінаіда Барцэвіч вяла тры адміністрацыйныя справы паводле артыкулу 23.34, частка 1 (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Памятны працэс над прадстаўніком БНФ Вадзімам Саранчуковым. Па ўсіх трох справах Барцэвіч прысуджала штрафы ад 20 да 25 базавых велічынь. Пазней яна старанна ўхілялася ад усіх палітычных карных працэсаў і пры тым стала нават старшынёй Кастрычніцкага раённага суду. А ў верасні 2024 года пайшла на падвышэнне ў абласны суд.
