
Напомнім, што ў Гарадзенскім абласным судзе 14 кастрычніка быў абвешчаны прысуд сямі жыхарам Смаргоні па так званай справе “дваровых чатаў”. Гэтым разам судзілі ўдзельнікаў і ўдзельніц закрытага Telegram-чата “ВИЛИЯ”, які ўваходзіў у дваровую кааліцыю “Ордэн” і ў кастрычніку 2024 года быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”. Шэсць жанчын і аднаго мужчыну прызналі вінаватымі ва “ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні” (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Жыхароў Смаргоні, як і жыхароў Ваўкавыска, засуджаных па аналагічнай справе, адправілі ў калонію і прызначылі буйныя штрафы. Вёў працэс і прысуд абвесціў Юрый Казакевіч.
Марэт Валюк, Уладзіміру Казлоўскаму, Вользе Міраненцы, Наталлі Пупкевіч, Святлане Кашкель і Маргарыце Навумавай прызначылі па два з паловай гады калоніі і штрафы па 800 базавых велічыняў кожнаму (33 600 беларускіх рублёў). Любові Валюк, якая мае анкалагічнае захворванне, прызначылі тры гады “хатняй хіміі” і 500 базавых велічыняў штрафу (21 000 штрафу).
Нагадаем, восенню 2024 года па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па “справе дваровых чатаў”, якія, па версіі абвінавачвання, “спрабавалі аб’яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады”. 29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў “экстрэмісцкім фармаваннем” дваровую кааліцыю “Ордэн”, у якую ўваходзілі дваровыя чаты “Злые когтики”, “Сухарево”, “Сеніца2.0”, “Солідарность”, “Вольныя ваўкі”, “Навагрудскія партызаны”, “ВИЛИЯ”, “Скромные матрешки”, “Соседи”. Некаторых удзельнікаў і ўдзельніц чатаў ужо засудзілі, а некаторыя яшчэ чакаюць суды пад вартай.
Былі засуджаны 9 ваўкавыскіх жыхароў.
Па звестках праваабаронцаў “Вясны” па справе “дваровых чатаў” фігуруе мінімум 34 чалавекі па ўсёй Беларусі.
