стадыён у Смаргоні, фота ілюстрацыйнае

У беларускім футбольным чэмпіянаце здарыўся расісцкі скандал.

1 лістапада нападнік футбольнага клуба “Віцебск” Валерый Гарбачык у час чарговага матчу вышэйшай лігі са “Смаргонню” на стадыёне райцэнтру абразіў абаронцу праціўнікаў.

Паводле відавочцаў, гулец віцяблянаў назваў выхадца з Камеруна Крысціяна Інтсоена “чорным шымпанзэ”.

Арбітр сустрэчы Ігар Шумілаў паказаў адразу чырвоную картку форварду “Віцебска”.

Цяпер Гарбачыку пагражае дыскваліфікацыя на тэрмін ад 5 да 15 матчаў і/ці часовая або бестэрміновая забарона на наведванне футбольных матчаў на пэўным стадыёне. Акрамя таго, яго могуць адначасна аштрафаваць на суму ад 2100 да 4200 рублёў (ад 50 да 100 базавых велічыняў).