
У Гарадзенскай вобласці расце колькасць праяваў вандалізму. Пра гэта паведаміў праўладны рупар – газета “Гродзенская праўда”. Так за ўвесь 2025 год адпаведныя органы зафіксавалі пяць злачынстваў па артыкуле 341 КК («апаганьванне збудаванняў або псаванне маёмасці»). Гэта на два больш, чым у 2024 годзе. Рост, трэба адзначыць, зусім нязначны. Ні то грамадзяне знаходзяцца ў вялікім страху, ні то фарбы для графіці бракуе.
Часцей за ўсё напісы пакідаюць у грамадскіх месцах пад камерамі відэаназіранняў, таму правапарушальнікаў лёгка выяўляюць і знаходзяць.
Паводле “ГП”, парушальнікі пакідалі «цынічныя надпісы і выявы» на прыпынках, фасадах крам, сценах жылых дамоў, паштовых скрынях і вагонах цягнікоў, расказаў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Дзмітрый Астрашэўскі. Графіці выяўлялі ў Гародні, а таксама Гарадзенскім, Зэльвенскім, Слонімскім і Астравецкім раёнах.
Пільнуюць парадак у гарадах розныя структуры: патрулі міліцыі, нават ОМОН, участковыя міліцыянты, а таксама супрацоўнікі ЖКГ.
