Архітэктар і педагог Караль Падчашынскі нарадзіўся 7 лістапада 1790 году ў мясцовасці Жырмуны на Лідчыне (цяпер Воранаўскі раён). Яго бацька і дзед былі будаўнікамі, таму справа гэта была вядома з дзяцінства. Дзед Павел добра рамантаваў палацы і храмы, за што быў заўважаны Радзівіламі і пастаўлены наглядчыкам за будаўнічымі працамі ў сваіх маёнтках. З часам ён стаў набліжаным да княскага двара, атрымаў пасаду падчашага. А ўжо сын Ян стаў княскім архітэктарам. За дасягненні Караль Станіслаў Радзівіл паспрыяў таму, каб у 1772 годзе Ян атрымаў шляхецкае званне. Так Ян стаў Падчашынскім – пад такім прозвішчам засталіся вядомымі і яго нашчадкі. У гонар свайго дабрадзея Ян назваў сына Каралем. Хлопец вучыўся ў Берасці, у 1813 годзе скончыў ліцэй у Крамянцы і паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Да таго часу бацькі ўжо не было, і на дапамогу разлічваць не даводзілася. Таму Караль не толькі старанна пазнаваў навуку, але і сам зарабляў грошы – даваў урокі малявання і чарчэння.

Універсітэцкае кіраўніцтва заўважыла таленавітага і стараннага студэнта, i з 1814 года яму прызначылі стыпендыю, а неўзабаве далі магчымасць навучацца ў Пецярбургу. У 1816-ым пасля сканчэння акадэміі мастацтваў, дзе за свае архітэктурныя кампазіцыі ён атрымаў два сярэбраныя медалі, Караль вярнуўся ў Вільню з мэтай выкладаць ва ўніверсітэце. Аднак маладога спецыяліста зноў пасылаюць на стажыроўку: спачатку ён вучыцца ў Парыжы, пазней накіроўваецца ў Італію. Пасля вяртання, з 1819-га выкладае ў Віленскім універсітэце, пазней становіцца кіраўніком кафедры архітэктуры. У 1838-53 гадах Падчашынскі жыў у маёнтку пад Нясьвіжам, пазней у Вільні і Варшаве.

Евангелісцкі храм у Вільні

Караль Падчашынскі быў прадстаўніком класіцызму. Ён актыўна займаўся пісаў навуковыя трактаты, даследаванні, падручнікі для студэнтаў) і пасля 1832 года, калі Віленскі ўніверсітэт быў закрыты расійскай акупацыйнай уладай.

Зарэкамендаваў сябе і як выдатны практык. Пераважна ўвага яго была скіравана на Вільню; шэраг аб’ектаў быў узведзены ў Расіі, Украіне, Польшчы. У Беларусі да гэтага часу захаваўся пабудаваны па яго праекту Жыліцкі палацава-паркавы комплекс, які належаў Булгакам. Ён аўтар некалькіх праектаў навучальных устаноў, у тым ліку мураванага будынка кальвінскай гімназіі ў Слуцку. Перабудаваў інтэр’ер Калоннай залі ў будынку Віленскага ўніверсітэту, стварыў інтэр’ер прафесарскай чытальнай залі. Пазней архітэктар Міхал Шульц яе рэканструяваў. Мадэрнізаваў таксама іншыя будынкі, якія належалі ўніверсітэту, прыстасоўваючы іх для яго патрэб.

Палац у Тускуленах

Да найважнейшых працаў Падчашынскага залічаюць рэканструкцыю касцёла Святога Яна ў Вільні. Праектаваў ён сядзібу Міхала Балінскага ў Яшунах (цяпер у Літве), палацы ў Тускуленах і Жылічах (цяпер Кіраўскі раён), будынкі гімназій у Слуцку, Камянцы Падольскім, Свіслачы, школу ў Бабруйску. Найбольш удалым яго творам лічыцца помнік позняга класіцызму евангелісцка-рэфармацкая царква у Вільні на вуліцы Завальнай (цяпер Pylimo). У савецкі час у гэтым будынку размяшчаўся кінатэатр “Хроніка”. Падчашынскі – аўтар першага ў Беларусі і Літве падручніка тэорыі архітэктуры “Асновы архітэктуры для акадэмічнай моладзі”, артыкулаў пра выкладанне архітэктуры, даглядання за садамі і паркамі.

Памёр творца 7 красавіка 1860 году. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. Магіла не захавалася.