
фота ілюстрацыйнае
У адной са школ абласнога горада міліцыя правяла праверку заплечнікаў вучняў — без удзелу бацькоў і без складання пратаколаў. Бацькі лічаць, што гэта быў вобшук, і накіравалі запыт у міліцыю. У адказе сілавікі сцвярджаюць, што дзейнічалі “ў мэтах забеспячэння бяспекі непаўналетніх”.
Пра гэты выпадак напісаў адзін з бацькоў у чаце. У школу прыйшлі супрацоўнікі інспекцыі ў справах непаўналетніх (ІСН) і прымусілі дзяцей выкласці змесціва заплечнікаў. Правяралі ўсё — ад падручнікаў да торбаў з формай для фізкультуры. Сын аднаго з бацькоў адмовіўся адкрываць заплечнік.
Супрацоўнікі ІСН казалі хлопчыку, што бацькі не патрэбныя, маўляў, міліцыя мае права праводзіць дагляд. Але ён адстаяў свае правы.
Бацькі вырашылі напісаць скаргу ў міліцыю. Атрымаўшы адказ, яны апублікавалі яго ў чаце.
У дакуменце за подпісам в.а. начальніка аддзела сказана, што “праверка праведзеная, парушэнняў з боку супрацоўнікаў не выяўлена”.
У адказе РАУС пазначана, што дагляд вучняў праводзіўся ў адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”.
Таксама там гаворыцца, што “мерапрыемствы па асабістым даглядзе непаўналетніх з мэтай выяўлення і канфіскацыі прадметаў, здольных прычыніць шкоду іх здароўю, будуць працягвацца на сістэмнай аснове”.
Што не так з адказам міліцыі?
Бацькі ў чаце адзначаюць, што гэты закон сапраўды дазваляе асабісты дагляд непаўналетніх — але толькі ў дачыненні да тых, хто дастаўлены ў органы ўнутраных спраў, прыёмнікі-размеркавальнікі, сацыяльна-педагагічныя або лячэбна-выхаваўчыя ўстановы.
Гаворка ідзе пра падлеткаў, якія знаходзяцца ў спецыяльных установах або затрыманыя міліцыяй, а не пра звычайных школьнікаў.
Яны адзначаюць, што ў законе прама сказана: дагляд рэчаў непаўналетняга праводзіцца “ў мэтах выяўлення і канфіскацыі прадметаў і рэчываў, здольных прычыніць шкоду іх здароўю”. І такая мера дапускаецца толькі пры наяўнасці прыкмет адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства, і абавязкова складаецца пратакол.
Бацькі, якія вывучылі заканадаўства, звярнулі ўвагу: ніякіх прававых падстаў для дагляду ўсіх вучняў запар у школе няма.
“Калі ісці па логіцы міліцыі, то дзеці, прыходзячы ў школу, аўтаматычна становяцца безнагляднымі. Гэта абсурд. Правілы бяспекі не даюць права праводзіць вобыскі”, — кажа аўтар звароту.
Тэлефон не ўваходзіць у пералік забароненых прадметаў, а пастанова Міністэрства адукацыі № 227 ад 3 жніўня 2022 года толькі вызначае, дзе вучні могуць захоўваць тэлефоны — напрыклад, у заплечніку. Ніякага абавязку здаваць асабістыя рэчы школе закон не ўстанаўлівае.
Іншыя бацькі з чата звярнулі ўвагу, што інструкцыя МУС № 155 ад 8 чэрвеня 2017 года прама забараняе праводзіць асабісты дагляд непаўналетняга без панятых і без наяўнасці прыкмет правапарушэння. Працэдура павінна выключаць прыніжэнне годнасці і разгалошванне асабістых звестак.
А артыкул 20 закона аб прафілактыцы безнагляднасці ўдакладняе: асабістаму дагляду падлягаюць толькі падлеткі, дастаўленыя ў АУС або спецыялізаваныя ўстановы, але не школьнікі на ўроках.
Бацькі дзіцяці, якое адмовілася ад дагляду ў школе, упэўненыя, што ў адказе міліцыі няма ніводнай нормы закона, якая апраўдвала б дзеянні інспектара.
“Гэта не проста адпіска — гэта наўмыснае ўвядзенне ў зман і фактычна заява пра гатоўнасць працягваць парушаць правы дзяцей”, — адзначаюць яны.
Прадстаўнік арганізацыі BELPOL у каментары для Еўрарадыё адзначыў, што міліцыя ў Беларусі маніпулюе законам.
— Гэта пошук “лёгкіх шляхоў” для дасягнення неабгрунтаваных, але патрэбных органам мэтаў, што спараджае перавышэнне паўнамоцтваў і чарговы механізм уседазволенасці, — падкрэсліваюць у BELPOL.
Калі бацькі напішуць скаргу ў пракуратуру, то яна, на думку BELPOL, стане на бок органаў міліцыі.
— Толькі калі гэта не будзе нешта масавае, хоць і тады я сумняваюся, што пракуратура ўмяшаецца, — сцвярджае прадстаўнік арганізацыі.
Наколькі бяспечна сёння ў Беларусі пісаць звароты ў міліцыю і пракуратуру?
Ці не падвяргаюць сябе бацькі рызыцы, калі падаюць скаргі ў органы? Як правільна звяртацца ў міліцыю або пракуратуру і пры гэтым застацца на волі — Еўрарадыё спытала ў Вольгі Цесаковай, былой дэпутаткі Мінгарсавета.
— На жаль, у сучасных рэаліях сапраўды існуе рызыка, што звароты бацькоў па фактах вобшукаў у школах могуць выклікаць пытанні не да сутнасці праблемы, а да саміх бацькоў, якія падалі скаргу. Магчымыя спробы ціску, таму мая парада застаецца нязменнай — пісаць менавіта калектыўны зварот, — раіць Вольга.
— Паводле арт. 22 Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, калі зварот падпісаны больш чым 30 грамадзянамі, ён падлягае абавязковаму разгляду з выездам на месца.
Вельмі важна, каб такія звароты былі канкрэтна і дакладна абгрунтаваныя, са спасылкамі на нормы заканадаўства (дадаткова варта параіцца з юрыстамі).
Я б рабіла асноўны акцэнт на праве дзіцяці на асабістую недатыкальнасць (арт. 28 Канстытуцыі), арт. 32 — “Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або прыніжэнню” — і на тым, што вобшук без прысутнасці законных прадстаўнікоў недапушчальны.
Настаўнікі не з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі дзіцяці і не могуць замяняць бацькоў ці апекуноў пры правядзенні такіх дзеянняў. Таксама ў звароце можна адзначыць псіхалагічны ціск на дзяцей, які выклікаюць такія праверкі. Гэта можа разглядацца як перавышэнне паўнамоцтваў і парушэнне нормаў аб абароне непаўналетніх.
У “шапцы” звароту Вольга раіць адразу пазначаць некалькі адрасатаў, каб падкрэсліць сур’ёзнасць намераў і паказаць, што “адпіска” не пройдзе, бо вы гатовыя ісці далей:
- Начальніку раённага (гарадскога) РАУС;
- Пракурору горада;
- Міністру ўнутраных спраў;
- Міністру адукацыі;
- Старшыні Савета Рэспублікі.
Для поўнага спісу можна накіраваць і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Паводле правілаў, трэба праходзіць усё паэтапна, але з улікам таго, што такія вобшукі выклікаюць сур’ёзныя апаскі, на такое беззаконне трэба даваць адказ. Інакш заўтра яны ўжо будуць прыходзіць не толькі ў школы і не толькі да дзяцей.
Таму важна паказаць, што бацькі ведаюць свае правы і гатовыя абараняць сваіх дзяцей, — рэзюмуе Цесакова.
Еўрарадыё
