Акруговая пракуратура ў Варшаве (аддзел па ваенных справах) пачала крымінальную справу па факце накіравання ў перыяд з 27 па 31 ліпеня 2025 г. не менш за 10 супрацоўнікам НАУ паведамленняў з прапановамі аб супрацоўніцтве са спецслужбамі Беларусі, якія выявіліся ў шантажы, спробах подкупу і фінансавай падтрымкі, прапаноў пачаць усё з “чыста ліста” і г.д.

Афіцыйнае апавяшчэнне аб гэтым атрымаў 8 лістапада кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Крымінальная справа адкрыта па артыкуле 130 частка 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Польшча. Гэты артыкул накіраваны на пераслед асоб, якія ўчыняюць злачынствы, звязаныя са шпіянажам, гаворыцца ў паведамленні НАУ.

Па КК Польшчы за гэтае злачынства прадугледжана пакаранне ад 5 да 30 гадоў пазбаўлення волі.

“Узбуджэнне крымінальнай справы Акруговай пракуратурай у Варшаве пацвярджае сур’ёзнасць і маштабнасць дзеянняў спецслужбаў рэжыму, накіраваных на супрацьдзеянне дзейнасці дэмакратычных структур Беларусі і актывістаў, а таксама стварэнне пагроз бяспецы Рэспублікі Польшча.

Звяртаюся да грамадзян Беларусі, якія падвяргаюцца пераследу і пагрозам з боку спецслужбаў рэжыму на тэрыторыі Польшчы: інфармуйце пра дадзеныя дзеянні Акруговую пракуратуру ў Варшаве (незалежна ад месца пражывання ў Польшчы) з мэтай іх абагульнення і расследавання ў рамках адной крымінальнай справы, што спросціць збор доказаў і ход следства”, — адзначыў кіраўнік НАУ Павел Латушка.