
“прафілактычнае мерапрыемства” у Воранаве
Названыя «незанятымі ў эканоміцы» беларусы мусяць не толькі плаціць падвышаныя камунальныя плацяжы, але і прыходзіць на абавязковыя паседжанні камісіяў «спрыяння занятасці насельніцтва». За адмовы пачалі штрафаваць. І гэтая ганебная практыка пачалася якраз у Гарадзенскай вобласці – у Наваградку і Воранаве.
Воранаўскі і Наваградскі аддзелы ўнутраных справаў інфармуюць, што прынамсі з 1 красавіка пачалі штрафаваць «незанятых у эканоміцы» за няяўку па выкліку на тэму занятасці.
У Воранаўскім раёне за няяўку на «прафілактычныя мерапрыемствы» 6 чалавек прыцягнулі да адказнасці паводле арт. 24.3 КаАП РБ – «Непадпарадкаванне законнаму патрабаванню». Як менавіта іх пакаралі, не ўдакладняецца, але артыкул прадугледжвае штраф ад 2 да 100 базавых велічыняў (у 2025 годзе гэта 84–4200 рублёў), грамадскія працы або арышт. Адзначаюць таксама, што ў 2025 годзе 31 жыхара Воранаўскага раёну скіравалі ў «лекавальна-працоўныя прафілакторыі» (месцы пазбаўлення волі з прымусовай працай, і з іх 21 не быў афіцыйна працаўладкаваны.
У Наваградскім раёне ў «групавых мерапрыемствах у працаўладкаванні» ўзялі ўдзел 132 асобы, за няяўку на «азнаямленне з вакансіямі» прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці 32 чалавек, яшчэ 45 накіравалі ў ЛПП. Агулам у раёне налічылі 1985 «незанятых у эканоміцы», працаўладкаваць удалося 36 асобаў.
