
Свежыя звесткі прадставіў Дзяржпагранкамітэт Беларусі. Паводле інфармацыі ведамства з 1 студзеня 2025 года ў Беларусь прыбылі 199 070 замежных грамадзян з 38 краін, уключаных у спіс бязвіза. Большасць падарожнікаў прыехала з краін-суседзяў Беларусі: Літвы, Латвіі і Польшчы.
Усяго з 15 красавіка 2022 года Беларусь наведалі 1230807 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбылі 395 547 замежнікаў, з Літвы – 655 333, з Польшчы – 126 640. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь уехалі 53 287 замежных грамадзян.
Раней Лукашэнкам было прынята рашэнне аб прадаўжэнні бязвізавага ўезду для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2025 года ўключна.
