Дана (імя зменена) правяла амаль месяц у адной з абласных псіхіятрычных лякарняў Беларусі. Закрытае аддзяленне яна параўноўвае з турмой і ўспамінае гэты вопыт як “поўны п*дец”. У размове з “Вясной” Дана распавядае, як праз страх вайны ва Украіне апынулася ў стацыянары, што бачыла там — ад збіцця і прымусовай працы з боку медперсаналу да поўнай ізаляцыі ад знешняга свету — і лічыць, што пра гэта павінна даведацца міжнародная супольнасць. “Вясна” прыводзіць аповед дзяўчыны ад першай асобы.

Хуткая

Калі я знаходзілася ў Беларусі, у мяне ад кагнітыўнага дысанансу таго, што адбываецца, здарыўся нервовы зрыў са спробай суіцыду. Я выклікала хуткую, бо думала, што яны мне дапамогуць. І ў хуткай выпадкова распавяла пра сваю пазіцыю па вайне з Украінай. На што мне адказалі, што нічога такога не адбываецца.

Канкрэтна я гэты момант дрэнна памятаю, таму што была моцна напалоханая. Сутнасць у тым, што я чытала навіны — я сказала [хуткай], што ідзе вайна, што я баюся вайны, што гэта ўсё няправільна, так быць не павінна, што я яе не падтрымліваю. На што мне адказалі, што ў Беларусі вайны няма, і — вось гэта самы стромны момант — запісалі гэта так, быццам бы я баялася, што мяне забяруць на вайну, хоць жанчын у Беларусі не прызываюць. Гэта значыць я гэтага наогул не казала, але ў іх вось такая атрымалася версія.

Прыёмнае аддзяленне

Там такая працэдура: чалавека заводзяць у прыёмную, там сядзіць некалькі людзей — і яны задаюць пытанні і запісваюць. Прычым, што б чалавек ні сказаў, яны запішуць усё гэта інакш. Атрымліваецца, з іх словаў, тое, што яны запісалі, гэта было не зусім праўдай.

У выніку чалавек заходзіць, а яго затрымліваюць там, і яго не папярэджваюць, калі яшчэ толькі вязуць туды, што затрымаюць. Абразаюць яму пазногці, распранаюць, пераапранаюць і далей заводзяць у закрытае аддзяленне. Там даюць падпісваць паперу — а ў ёй сказана, што нібыта ён дае згоду на лекаванне. Калі чалавек не падпісвае гэтую паперу, адпаведна на яго падаецца ў суд, яго трымаюць да суда, гэта можа заняць год-два, і ў выніку ўсё адно яго пакідаюць на “лекаванне”. Пры мне там была жанчына, якая адмовілася падпісваць гэтую паперу — і ў выніку яе трымалі ўжо амаль дзевяць ці дзесяць месяцаў, бо яна чакала суда. Таксама там была жанчына, якую па чутках (я не ведаю, на колькі гэтыя чуткі былі апраўданыя, але яна там ужо вельмі даўно) туды закінулі за нязгоду з уладай.

Камісія

Медычная камісія — гэта падчас выгрузкі [у аддзяленне]. Там збіраюцца тры ці чатыры лекары, якія вырашаюць лёс чалавека. Калі ім спадабалася, што ты адказаў… Галоўнае, што яны хочуць, пытанне, якое яны задаюць: пытаюцца, чаму вы сюды патрапілі? І трэба падгадаць з адказам. Калі чалавек падгадаў з адказам, у яго ёсць шанец выйсці. Калі не — то не. Слушны адказ: чалавек не меў рацыю, што ён усё ўсвядоміў, што зразумеў, як трэба паводзіць сябе правільна.

Самае жорсткае, што там было некалькі дзяўчат, на якіх выклікалі брыгаду іх мамы за тое, што яны з імі пасварыліся. І гэтых дзяўчат не выпускалі — то-бок яны ўжо былі некалькі месяцаў там. Ім пастаянна задавалі пытанне: чаму вы сюды патрапілі? І яны казалі сваю версію. А ім адказвалі: “Не, вам трэба памірыцца з маці”.

Была адна дзяўчына, на якую выклікаў брыгаду яе муж, бо яны ў разводзе, і ён такім чынам робіць яе дакументы пра тое, што яна непрытомная. Але яна абсалютна адэкватна разважае. Чаго не скажаш пра медсясцёр, бо медсястра, якая давала паперку аб згодзе, у перапынках казала пра тое, што адбываецца кармічны год і што душы збіраюцца разам, і яна за ўсім уважліва сочыць.

Утрыманне

Само ўтрыманне — гэта як турма. Ніхто не кажа, што з табой рабіць. Гэта значыць чалавек туды трапляе — яму проста робяць укол, лекі любыя даюць, калі ён адмаўляецца глытаць, яму пхаюць. Калі ён адмаўляецца што-небудзь рабіць, яго прывязваюць, калі ён пачынае абурацца — яго пачынаюць збіваць. Прычым збіваюць санітаркі з маўклівай згоды лекараў.

[Чаму адбываюцца збіцці?] У выпадку, калі чалавек паводзіць сябе не так, як ім падабаецца. Напрыклад, санітарам захацелася, каб усе перасталі хадзіць. Ну вось такі ў іх настрой. У такім выпадку чалавека прывязваюць — і далей пачынаюць біць. Могуць біць рукамі, могуць біць прадметамі — але ў іх не так іх шмат, у асноўным збіваюць рукамі. Па твары, па целе, пакуль чалавек не “заткнецца”. Могуць кляпам яшчэ рот закрыць. Могуць звязаць рукі ды цягнуць па падлозе напрыклад.

Калі чалавек паводзіць сябе неяк не так, санітары і медсёстры вядуць дзённік — і калі чалавек неяк не так сябе паводзіць, адпаведна медсястра можа напісаць усё, што заўгодна ў гэтым дзённіку.

Чалавек не мае магчымасці выспацца, таму што там ёсць строгі графік, які залежыць ад настрою санітараў. Святло на ноч не выключаецца. Там ёсць некалькі палат, па-мойму пяць, у самай вялікай 12 чалавек — усе спяць у адной палаце.

Выходзіць у прыбіральню можна з дазволу. Калі чалавек занадта часта выходзіць, яму пагражаюць тым, што прывяжуць і пачнуць збіваць. Адасобіцца ў прыбіральні нельга, бо дзверы не зачыняюцца. Там стаіць два ці тры [унітазы], і калі чалавек хоча схадзіць у прыбіральню, яму трэба сядзець побач з іншымі [хто побач у гэты момант].

Чалавека прымушаюць есці. Калі ён не ёсць тое, што яму даюць, яму пачынаюць сілком пхаць. Калі ён паводзіць сябе неяк не так, што не адпавядае іх уяўленням, яго абмяжоўваюць у наведванні сваякоў. Ніякай сувязі са знешнім светам. Яшчэ абавязкова ўсім трэба глядзець тэлевізар, канал з прапагандай. І пры мне, гэта быў люты 2024 года, гвалтоўна ўсіх прымусілі пайсці галасаваць на выбары нейкага мясцовага дэпутата. Пастаянныя абразы з іх боку, гвалт, жудасная мізагінія.

Сітуацыя — выйсця няма. Не ведаю, наколькі эфектыўнае гэта лекаванне, але гэта вельмі цяжкі досвед для псіхікі з поўным адчуваннем бездапаможнасці і адсутнасці правоў, бо ў іх ёсць пасада лекара — яны могуць усё. А для грамадства чалавек — “псіх”. Для беларускага — тым больш.

Выходзіць нікуды нельга. На прагулкі нас не вадзілі.

Месяц я прабыла там. Не было ніякай сувязі са знешнім светам — усё забіраюць, нікому нельга паведаміць ні дзе ты, ні што з табой адбываецца. І калі дастаўляюць у гэтую багадзельню, чалавек таксама не можа нікуды паведаміць. Калі чалавек паўналетні, то сваякам не паведамляюць. Гэта значыць чалавек можа проста знікнуць — і ўсё.

Калі санітары захочуць, могуць прымусіць чалавека мыць падлогу напрыклад, або ўнітаз. Або на кухні працаваць. Калі чалавек, напрыклад, прыбыў сапраўды ў непрытомным стане і ў яго напрыклад нетрыманне, то санітары гарлапаняць: “Глядзіце, абасцалася! Абасцалася, усе глядзіце!”

Канец

Пра тэрміны, калі выпусцяць чалавека, не паведамляюць. І гэта ўсё вырашае загадчык, які прыходзіць раз на тыдзень, робіць абыход, задае два-тры пытанні, і калі яму нешта не спадабалася, ён пакідае чалавека яшчэ на тыдзень. Пры мне там былі людзі, што знаходзіліся там паўгода. І ім не казалі, калі яны выйдуць.

Я б хацела, каб такія сітуацыі дайшлі да сусветнай супольнасці, бо гэта рызыка для людзей у Беларусі.

Вясна