
У Беластоку ўвечары 12 лістапада прайшла акцыя памяці Рамана Бандарэнкі. У ноч з 11 на 12 лістапада пяць гадоў таму ў Менску ён быў забіты. Выступоўцы згадвалі пра Бандарэнку і іншых ахвяраў лукашэнкаўскага рэжыму, забітых ці закатаваных за апошнія 5 гадоў. Былі запаленыя знічы. Выступалі прадстаўнікі беларускай і ўкраінскай дыяспары.



Напомнім, што ўвечары 11 лістапада ў двор на Плошчы Перамен, дзе жыў Раман, прыехалі невядомыя і пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі. Пабачыўшы адпаведны допіс у дваровым чаце, ён напісаў: “Я выходжу”.
На дварэ на Рамана напалi, моцна збілi, а потым завезлі ў Цэнтральны РАУС. З міліцыі Бандарэнку даставілі ў клініку ў вельмі цяжкім стане. 12 лістапада ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасць.
Як высветліў BYPOL, першым Рамана атакаваў баксёр Дзмітрый Шакута, а потым збiлi сiлавiкi, якiя займалiся баявымi вiдамi спорту. На Плошчы Перамен у тую ноч знаходзiлiся таксама былыя хакеiсты Дзмітрый Баскаў i Павел Воўчак, а таксама вядоўца спортнавiнаў Ганна Эйсмант.






