
Ганебны інцыдэнт здарыўся 2 лістапада на матчы чэмпіянату краіны па футболе ў Смаргоні, дзе мясцовы клуб прымаў «Віцебск».
Форвард «Віцебска» Валерый Гарбачык назваў камерунскага абаронцу «Смаргоні» Крысціяна Інтсаэна «чорным шымпанзэ». За гэта арбітр сустрэчы Ігар Шумілаў паказаў форварду гасцей прамую чырвоную картку.
Праз некалькі дзён Гарбачык з’ездзіў у Смаргонь і выбачыўся перад камерунцам.
Сёння Кантрольна-дысцыплінарная камісія Беларускай федэрацыі футбола абвесціла рашэнне: Гарбачык дыскваліфікаваны на пяць матчаў і аштрафаваны на 2100 рублёў, а з «Віцебска» знята тры балы ў чэмпіянаце.
Клуб і форвард пакараныя па артыкуле 73 (расізм і дыскрымінацыя), паведамляе «Беларускі футбол».
Да канца чэмпіянату Беларусі засталося два матчы.
У выпадку, калі з «Віцебска» знялі тры балы, то каманда можа згуляць у стыкавых матчах, калі фінішуе на 14‑м месцы.
