
Беларускі паэт і грамадскі дзеяч Міхаіл Касцевіч (а больш дакладна Косцевіч), больш ведамы пад псеўданімам Міхась Васілёк нарадзіўся 14 лістапада 1905 году ў вёсцы Баброўня паблізу Скідаля (цяперашні Гарадзенскі раён). Паходзіў ён з праваслаўнай сям’і лесніка, быў пляменнікам ведамага дзеяча, публіцыста і паэта Макара Краўцова (Косцевіча). Сярэднюю адукацыю Міхась атрымаў, скончыўшы ў 1921 годзе школу ў горадзе Казлове (Мічурынску), што на Паволжы. Там у Расеі сям’я была ў бежанстве. У 1922-ім годзе Міхась Васілёк вярнуўся на радзіму. Працаваў на бядняцкай гаспадарцы батраком, актыўна ўлучыўся ў беларускі рух. Дзеіў у суполках Грамады і ТБШ, за што неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі і трапляў у турму. У 1926-28 гадах служыў у войску ў Гародні. У гэты час працаваў у заходнебеларускім часопісе “Маланка”. Старажылы Скідаля ўспаміналі тэатральныя сцэнкі і пастаноўкі ў мястэчку, у якіх браў актыўны ўдзел паэт – Васілёк чытаў сатырычныя вершы, поўныя гумару, якія падмацоўваліся ілюстрацыямі, што выконваў сябра-аднавясковец Рыгор Каскевіч.

У 1939-ым годзе Міхась Васілёк мабілізаваны ў польскае войска, удзельнічаў у вайне Польшчы з фашыстоўскай Германіяй. Неўзабаве трапіў у нямецкі палон, там вёў патрыятычныя гутаркі і асвету сярод землякоў-беларусаў. У жніўні 1941-га яму ўдалося ўцячы дадому. Разам з ім вярнуліся, дарэчы, з палону пісьменнік Янка Брыль і Анатоль Мышко, актыўны ўдзельнік беларускага руху. Касцевіч стаў актыўна працаваць у антыфашыстоўскім падполлі. Кіраваў Скідальскім антыфашысцкім камітэтам, пад псеўданімам Язэп Гром выступаў у партызанскім друку. У 1944-ым быў у лесе ў партызанах.
Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад фашыстаў Міхась Васілёк працаваў у Скідальскай раённай газеце “Чырвоны сцяг” (1944-46 гады). З 1950-га жыў у Гародні, працаваў у абласной газеце “Гродзенская праўда”. Цягам свайго творчага жыцця друкаваўся ў газетах “Народная справа”, “Наш голас”, “Народны звон”, “Наша воля”, “Беларускі дзень”, “Наша праўда”, “Беларуская газета”, часопісах “Маланка”, “Калосьсе”, “Нёман”, “Снапок”. У Вільні былі выдадзены зборнікі вершаў Міхася Васілька “Шум баравы” (1929), “З сялянскіх ніў” (1937). Рукапіс адной з кніжак паэзіі знішчаны паліцыяй у 1934 годзе. Як літаратар друкаваў таксама апавяданні. Пасля вайны ў Мінску выйшлі зборнікі “Выбраныя вершы” (1950), “Выбраныя творы” (1955), ужо пасля смерці паэта – “Зоры над Нёманам” (1963), “Вершы” (1973).

Паводле ўспамінаў сучаснікаў Міхась Васілёк быў вельмі дружалюбным чалавекам, прычым незалежна ад узросту суразмоўца. Ніколі нікога не крыўдзіў і не даваў іншых у крыўду. Ён быў сапраўдным беларусам, размаўляў і пісаў на роднай мове, быў валявым і душэўным чалавекам. А разам з тым – асобай, якая была невыгодна ўсім палітычным рэжымам, якія выпалі на лёс паэта. Жыццё склалася ня проста – яшчэ ў бежанстве Міхась страціў маці. Заўчасна памерла і першая жонка паэта Галіна. Абедзве хварэлі на сухоты.
Памёр Міхась Васілёк 3 верасня 1960 году ў Гародні, пахаваны на старых праваслаўных гарадскіх могілках. У гонар паэта названа вуліца ў цэнтры Гродна, дзе раней у адным з дамоў ён жыў. Гэтая вуліца раней называлася Пясочнай, а ў савецкі час мела імя Чапаева. Хата Васілька ў Баброўні не захавалася. Да 100-ых угодкаў паэта Белпошта выпусціла адмысловы канверт. У Баброўні пастаўлены адпаведны знак у гонар Міхася Васілька і Макара Краўцова.

