У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 25 прозвішчаў — цяпер у ім 5989 чалавек.

14 лістапада МУС чарговы раз абнавіла спіс грамадзян, якіх рэжым абвінавачвае ў «экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іх — псіхалагіня Таццяна Мінец, фігурантка справы «дваровых чатаў» Алеся Вяроўкіна, фігурантка «справы Гаюна» Яраслава Храмчанкова.

Таксама «экстрэмістамі» абвясцілі былых журналістаў Intex-Press — Наталлю Семяновіч, Мікіту Пятроўскага, Руслана Равяку і Людмілу Зелянькову. Іх засудзілі да «хатняй хіміі» за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Суд адбыўся ў жніўні 2025 года.

Акрамя чатырох названых журналістаў, па справе праходзяць яшчэ некалькі чалавек, якія застаюцца за кратамі. Сярод іх — былы дырэктар Уладзімір Янукевіч.

З Гарадзеншчыны ў спіс зараз патрапілі Таццяна Аўдзейчык і Алена Хобец з Гародні, а таксама Максім Юшкевіч з Шчучына.

«Вясна» публікуе актуальны спіс.