
14 лістапада намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў сустрэчу ва Урадавым інфармацыйным цэнтры Польшчы датычна пытання арганізацыі інфармацыйнага рэсурсу для грамадзян Беларусі, якія жывуць у Польшчы.
Як адзначае выданне «Rzeczpospolita», на дадзены момант 145 тысяч грамадзян Беларусі маюць у Польшчы часовы дазвол на жыхарства і яшчэ 60 тысяч — статус сталых жыхароў.
Праца ў стварэнні інфармацыйнага парталу для беларусаў на фінальным этапе. Плануецца, што на старонцы можна будзе знайсці інфармацыю пра кантакты, у тым ліку спасылкі на інфармацыйныя старонкі патрэбных польскіх дзяржорганаў і ўстановаў, а таксама адказы на найбольш распаўсюджаныя пытанні, паведамляе Аб’яднаны пераходны кабінет.
Інтэрнэт-старонка будзе скіраваная да беларусаў, якія вырашылі жыць у Польшчы. На ёй можна будзе знайсці карысныя парады наконт афіцыйных фармальнасцей, працэсу легалізацыі, доступу да сацыяльных выплат, магчымасцей працаўладкавання, вядзення гаспадарчай дзейнасці ці адукацыі дзяцей і інш.
Увесь апублікаваны змест будзе мець афіцыйны характар і рыхтавацца на падставе дзейных прававых нормаў, а таксама інфармацыі, дадзенай польскімі дзяржаўнымі ўстановамі.
Партал ствараецца на беларускай мове.
