Міністэрства дыгіталізацыі Польшчы распрацавала праект пастановы, з дапамогай якой хочуць падвысіць ровень бяспекі асабовых звестак. Але, здаецца, паводле новых правілаў беларусы і іншыя замежнікі пацвердзіць сваю асобу онлайн ўжо не змогуць – людзі запусцілі петыцыю.

Польшча плануе падвысіць бяспеку звестак з дапамогай дзяржплатформы mObywatel для аўтарызацыі ў дзяржсэрвісах, у процівагу цяперашнім метадам – праз Profil zaufany або рэгістрацыю праз інтэрнэт-банкінг. Калі праект прымуць, змены ўступяць у сілу 12 студзеня 2026 года.
З дапамогай гэтых зменаў Міністэрства дыгіталізацыі хоча аб’яднаць усе прылады верыфікацыі карыстальніка (якіх цяпер нямала) у адную сістэму, таму ў будучыні ўвайсці ў кабінеты ePUAP, CEIDG, ZUS ці NFZ можна будзе толькі праз mObywatel.

Паводле новага праекту закону, верыфікацыя карыстальніка будзе адбывацца на платформе mObywatel і пры гэтым уладальніку Profil zaufany трэба будзе прайсці верыфікацыю праз асабісты профіль. Gazeta Prawna тлумачыць, што пад асабістым профілем разумеецца e-dowód, які ёсць толькі ў грамадзянаў Польшчы.

Суполка «Беларусы ў Варшаве» ў Facebook запусціла петыцыю, дзе заклікае беларусаў пісаць лісты ў Міністэрства дыгіталізацыі, каб тыя захавалі для замежнікаў альтэрнатыўныя спосабы дыстанцыйнай верыфікацыі асобы. У адваротным выпадку замежнікі не змогуць дыстанцыйна карыстацца ніякімі дзяржпаслугамі: весці бізнес, падаваць падатковыя дэкларацыі, атрымліваць доступ да сваіх рэцэптаў на лекі і ўладкоўваць многія іншыя справы онлайн.

Белсат