
Фактычна год няма тэлефанаванняў ад палітвязня Дзяніса Івашына. Яго жонка Вольга Івашына інфармуе ў сацсетках:
“Ужо больш за год мы ня чулі голасу Дзяніса Івашына. Фактычны тэлефонны званок дагэтуль адбыўся ажно 12 лістапада мінулага году. Магчымасьць жа тэлефанаваньня зьнікла летась у сьнежні, калі Дзяніс так і не патэлефанаваў на працягу месяца. Гэтая прыкрая сытуацыя захоўваецца, на жаль, дагэтуль. І абсалютна невядома, калі яна зьменіцца.
На дадзены момант з сродкаў камунікацыі зь Дзянісам у нас ёсьць ліставаньне, таму я столькі ўвагі прысьвячаю кожнаму ягонаму пасланьню, а адсутнасьць новай карэспандэнцыі выклікае ў нас сур’ёзныя хваляваньні”.
Днямі палітвязень даслаў свой чарговы верш:

“Чакаю зь любасьцю, чакаю зь няўсьцерпам,
З адвертым позіркам, палымянаю верай.
Загартаваным духам, аголеным нэрвам,
З чыстым, сьвятым і выразным намерам.
Чакаю ахвярна, чакаю штосілы
Разнясьцежаным сэрцам, нязгуслай душою,
Як вецер напоўніць сакаліныя крылы
Палётам імклівым, жыцьця вышынёю”.
Ужо 4 гады і 8 месяцаў Івашын у зняволенні.
Напомнім, што гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і ў жніўні 2022 году засудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконнае збіранне альбо распаўсюджванне інфармацыі аб прыватным жыцці». Дзяніс Івашын рэдагаваў беларускую версію выдання Infornapalm і пісаў расследованні для «Новага часу». Ён знайшоў дзесяць “беркутаўцаў”, якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналіста перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.
