
Паводле пацверджаных даных, у справе «Гаюна» ужо больш за 100 фігурантаў, з якіх 89 імёнаў вядомыя публічна, піша dissidentBY. Больш за 50 чалавек ужо атрымалі прысуды. Усіх судзяць па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Ініцыятыва звяртае ўвагу, што беларускія суды пры вынясенні прысудаў амаль літаральна паўтараюць рыторыку Крамля. Вось фрагмент з аднаго з дакументаў:
«…в точно неустановленный период времени, но не позднее ** ** *** 2023 г., находясь на территории Республики Беларусь и г. (более точное место не установлено), имея умысел на иное содействие экстремистской деятельности, в том числе выражающееся в несогласии с проведением Российской Федерацией специальной военной операции на территории Республики Украины по демилитаризации и денацификации с целью защиты мирного населения, являясь пользователем под учетной записью … и telegram-бота “Дапаможа Гаюн”».
Такім чынам, на судовым роўні ў Беларусі замацоўваецца мова крамлёўскай прапаганды, а нязгода з вайной кваліфікуецца як «садзейнічанне экстрэмізму».
Падчас следства людзям прапануюць рабіць «дабрачынныя ўзносы» ў розныя арганізацыі нібыта як змякчальную акалічнасць. Такая практыка ўжо існуе для тых, хто пераследуецца за «данаты». Як заўважаюць правааабаронцы, на прысуд такія ўзносы не маюць уплыву.
