
Стала вядома, што разгляд апеляцыйных скаргаў па справе смаргонцаў з “дваровага чату” прызначаны ў Вярхоўным Судзе ў Менску на 13 студзеня 2026 году.
Напомнім, што ў Гарадзенскім абласным судзе 14 кастрычніка быў абвешчаны прысуд сямі жыхарам Смаргоні па так званай справе “дваровых чатаў”. Гэтым разам судзілі ўдзельнікаў і ўдзельніц закрытага Telegram-чата “ВИЛИЯ”, які ўваходзіў у дваровую кааліцыю “Ордэн” і ў кастрычніку 2024 года быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”. Шэсць жанчын і аднаго мужчыну прызналі вінаватымі ва “ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні” (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Жыхароў Смаргоні, як і жыхароў Ваўкавыска, засуджаных па аналагічнай справе, адправілі ў калонію і прызначылі буйныя штрафы. Вёў працэс і прысуд абвесціў Юрый Казакевіч.
Марэт Валюк, Уладзіміру Казлоўскаму, Вользе Міраненцы, Наталлі Пупкевіч, Святлане Кашкель і Маргарыце Навумавай прызначылі па два з паловай гады калоніі і штрафы па 800 базавых велічыняў кожнаму (33 600 беларускіх рублёў). Любові Валюк, якая мае анкалагічнае захворванне, прызначылі тры гады “хатняй хіміі” і 500 базавых велічыняў штрафу (21 000 штрафу).
