Лукашэнка чарговы раз заявіў пра намер пабудаваць у Беларусі яшчэ адну атамную станцыю. Нібыта электраэнэргія зь яе можа спатрэбіцца «паўднёваму захаду Расеі». Разьбіраемся, чым дапамагла беларусам АЭС і ці можа быць эканамічны вынік ад яшчэ адной.

17 лістапада Лукашэнка заявіў, што будзе весьці дыялёг з Расеяй наконт будаўніцтва на ўсходзе Беларусі чарговай, ужо другой АЭС. Сьпярша, зь ягоных словаў, трэба пабудаваць трэці энэргаблёк на АЭС у Астраўцы, а пасьля думаць пра будаўніцтва іншай. Нібыта энэргія з новай АЭС можа спатрэбіцца паўднёваму захаду Расеі. Пра гэта Лукашэнка кажа ня першы раз, 26 верасьня сёлета ён гаварыў, што энэргія з другой беларускай АЭС можа быць патрэбная рэгіёнам, «вызваленым Расеяй», то бок акупаваным расейцамі ўкраінскім тэрыторыям. Глядзім, што дала беларусам першая АЭС і ці можа быць нейкая выгада ад другой.

Што АЭС дала Беларусі

Першы энэргаблёк БелАЭС урачыста адкрылі 7 лістапада 2020 году. З таго часу АЭС выпрацавала 53 мільярды кіляват-гадзін энэргіі. «Белэнэрга» паведамляе, што цяпер АЭС выпрацоўвае каля 40% усёй электраэнэргіі ў краіне.

Летась у Беларусі спажылі 43,2 мільярда кіляват-гадзін энэргіі, а выпрацавалі 39,5 мільярда кіляват-гадзін.

А пяць гадоў таму, у 2020 годзе, у Беларусі агулам спажылі 38 мільярдаў кіляват-гадзін энэргіі, а выпрацавалі 34 мільярды кіляват-гадзін. То бок розьніца паміж выпрацаваньнем і спажываньнем зьмянілася нязначна, і тады і цяпер патрэбна было дадаткова яшчэ прыкладна 4 мільярды кіляват-гадзін энэргіі.

У 2020 годзе дадатковую электраэнэргію — тыя ж прыкладна 4 мільярды кіляват-гадзін — Беларусь проста закупіла за мяжой. Цяпер жа Лукашэнка сьцьвярджае, што ад імпарту электраэнэргіі цалкам адмовіліся. Ад 2021 году зьвесткі статыстыкі пра гэта не публікуюцца, чым пакрылі ў 2024 годзе розьніцу паміж выпрацаваньнем і спажываньнем, незразумела.

За 5 гадоў працы БелАЭС у сярэднім (тарыфы яе энэргіі залежаць ад пары дня і іншых крытэраў) электраэнэргія для звычайных людзей падаражэла на 36%.

«Людзі плацяць грошы за сам факт існаваньня станцыі»

Сяргей Бесараб, радыяцыйны хімік, навуковец, вядомы крытычным аналізам радыяцыйнай бясьпекі, заўважае, што пабудаваць трэці энэргаблёк цяперашняй АЭС хоць эканамічна нямэтазгодна, але ня вельмі складана. А вось будаўніцтва другой АЭС ён называе «вар’яцтвам».

«Гэта абсалютнае вар’яцтва паводле якіх-хаця крытэраў — эканамічных, фінансавых. Будаваць праект коштам 10 мільярдаў даляраў з разьлікам на нейкі эфэмэрны рынак. Расейцы ж умеюць лічыць грошы. Нейкія акупаваныя тэрыторыі — гэта вельмі эфэмэрна, гэта ніяк ня можа быць асноўнай мэтай. Пры наяўнасьці адной АЭС электраэнэргія даражэе. У працы АЭС таннае толькі паліва, а ўсё іншае непараўнальна дорага, асабліва выплаты за крэдыт. І яны ўжо зашытыя ў тарыфы для людзей. Людзі плацяць за факт будаўніцтва станцыі. Таксама ж там улічаныя заробкі вельмі дарагім расейскім экспэртам, рамонт каштуе грошай, дэталі, бясьпека», — падкрэсьлівае Бесараб.

Таксама навуковец зьвяртае ўвагу на патрэбу мадэрнізацыі лініяў электраперадач, што нават для адной АЭС вымагае дадатковых сродкаў.

«Патрэбна было мадэрнізаваць усю сыстэму электраперадач краіны. Яны спрабавалі гэта рабіць за нейкія замежныя грошы, але пасьля ўвядзеньня санкцыяў уся фінансавая нагрузка звалілася на спажыўцоў. Людзі плацяць і за мадэрнізацыю энэргасетак. А пры зьяўленьні другой АЭС усе выдаткі можна памножыць проста на два», — гаворыць Бесараб.

Навуковец нагадвае, што пляцоўку пад першую АЭС абіралі нелягічна, бо АЭС звычайна будуюць каля буйных прамысловых прадпрыемстваў, а найбольш такіх прадпрыемстваў на поўдні Беларусі .

Што да магчымых выгадаў ад другой АЭС, то Бесараб іх проста ня бачыць. Нават продаж адпрацаваных рэчываў, напрыклад, каштоўнага плютонію-239, патрабуе дадатковых выдаткаў.

«Каб атрымаць патрэбнае рэчыва, трэба касьмічныя тэхналёгіі, для гэтага трэба завод, які каштуе даражэй за атамную станцыю», — кажа навуковец.

І дадае, што ў самой Расеі працуе 36 атамных энэргаблёкаў.

Свабода