
22 лістапада ў Мастаўлянах ўрачыста адкрылі інфармацыйныя шыльды на месцы нараджэння Кастуся Каліноўскага, на тэрыторыі былога сядзібна-паркавага ансамбля Каліноўскіх. Агулам сабралася пад сотню чалавек, як беларусаў Падляшша, так і прадстаўнікоў беларускай дыяспары.
Ад Аргкамітэта мемарыялізацыі сядзібы Каліноўскіх гасцей віталі кіраўнік камітэта Вольга Сямашка і скульптар Януш Талуць, якія ўрачыста знялі покрыва з шыльдаў і распавялі пра працэс усталявання.
Урачыста асвяціў шыльды ксёндз Вячаслаў Барок з душпастырства беларусаў-каталікоў у Варшаве. Гасцей віталі намесніца Бурмістра гміны Міхалова Эльжбета Росіньска і прадстаўнік Управы Беластоцкага павету Генрык Сухоцкі, які падзякавалі за такую важную для рэгіёну ініцыятыву. Асобна Генрык Сухоцкі нагадаў, што акурат 22 лістапада 2019 года адбылося перапахаванне парэшткаў Каліноўскага ў Вільні і распавёў пра свой удзел там, дзе былі многія народы і нацыі.



