
21 лістапада адбылося пасяджэнне назіральнай камісіі пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі, на якім прысутнічалі спецыялісты ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкаму, крымінальна-выканаўчай інспекцыі аддзела ўнутраных спраў, папраўчай установы “Папраўчая калонія-пасяленне № 26”, КСУП “Жукоўшчына”, старшыні сельвыканкамаў.
Паведамляецца, што на сустрэчу былі запрошаны асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, непрацуючыя жыхары раёна.

Было адзначана, што ў раёне вядзецца мэтная работа з грамадзянамі, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, ім дадзена магчымасць працаўладкавання, атрымаць прафесійнае навучанне, каб аблегчыць вяртанне да звычайнага жыцця, атрымаць нармальную заработную плату, жыллё. Праблем дастаткова і іх прыходзіцца вырашаць штодзённа, ёсць прыклады парушэння працоўнай дысцыпліны, п’янства.
Прапагандысты прызнаюць, што працаўладкаванне так званых “дармаедаў” ідзе ня вельмі паспяхова.

Вадзім Бялятка на фота злева
У канцы Вадзім Бялятка адзначыў, што абавязкова патрэбна ўзмацніць работу камісіі па барацьбе з п’янствам у арганізацыях і на прадпрыемствах, бо на тэрыторыі раёна сёлета адбыўся рост правапарушэнняў асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, не дапускаць такіх работнікаў на працоўнае месца, праводзіць з імі пастаянную прафілактычную работу.
